Павел Мацукевіч — пра тое, ці насамрэч так важна стварыць беларускае войска

Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч у інтэрв'ю «Филину» аналізуе вынікі канферэнцыі Новай Беларусі і магчымыя далейшыя шляхі развіцця падзей.

Павел Мацукевіч

Павел Мацукевіч


Перад аб'яднаным пераходным Кабінетам, пра стварэнне якога было абвешчана на закрыцці канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні, пастаўленыя вялікія мэты: ад абароны незалежнасці і суверэнітэту краіны да ажыццяўлення яе фактычнай дэакупацыі, распрацоўкі і рэалізацыі мер па спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, рашэнняў, неабходных для дасягнення дэмакратычных перамен у Беларусі.
Гэта выглядае як праграма-максімум і шанец для кожнага лідара дэмсіл, хто заклікаў да больш актыўных дзеянняў, праявіць сябе. Але шляхі вырашэння пастаўленых задач зусім не відавочныя.
— Калі пра тэрміны, то шэсць месяцаў, напэўна, недастаткова для выканання планаў саўмінаўскай пяцігодкі, а для прыходу да ўлады цалкам дастаткова. Напрыклад, Напалеону спатрэбілася ўсяго 20 дзён, каб дайсці да Парыжа пасля ўцёкаў з выспы Эльба і трыумфальна без адзінага стрэлу вярнуць сабе трон.
Таму калі ў пераходным кабінеце з'явіўся ці з'явіцца Напалеон, то ў Аляксандра Рыгоравіча зусім няшмат часу, каб перабрацца з палаца ў Мінску ў які-небудзь церамок у Бранску.
Тут жа пытанне не ў мэтах, а ў выбары менавіта той палітыкі, для якой не бывае нічога немагчымага. Іншымі словамі, інтрыга ў тым, што будзе рабіць пераходны кабінет.
Калі тое самае, але толькі цяпер разам пад агульнай шыльдай «кабінет», то праз шэсць месяцаў і гэты кабінет, і ўсе мы, хутчэй за ўсё, будзем там жа, дзе і цяпер — праз два гады. У такім выпадку Лукашэнку не мае патрэбы падшукваць жыллё ў Бранску і перажываць пра нешта, акрамя ўборачнай.
— Адным з галоўных вынікаў працы кабінета павінна стаць вызваленне палітвязняў. Пакуль відавочных рашэнняў тут не праглядаецца — ніякае ўзмацненне санкцый і міжнародны ціск да гандлю палітвязнямі, паслаблення рэпрэсій не вядзе…
— А гэта, між іншым, ключавое. Задача ўсіх задач. Ленін у сваёй кнізе «Што рабіць?» пісаў: «Дайце нам арганізацыю рэвалюцыянераў — і мы перавернем усю Расію». У нашым выпадку рэвалюцыянеры ў ад'ездзе, але самыя смелыя і рашучыя — у турме. Я не думаю, што без гэтых людзей на волі мы зможам вызваліць нашу краіну.  
Гэтая задача акрамя сваёй першараднай важнасці мне здаецца і найбольш рэалістычнай, калі праявіць пэўную гнуткасць.
Да гэтага часу бескампрамісная санкцыйная і ізаляцыйнай палітыка, якую праводзілі дэмсілы ў эміграцыі, не вызваліла ні аднаго чалавека і не спыніла ні адзін рэпрэсіўны каток.
Але мы маем прыклады вызвалення канкрэтных палітвязняў, толькі ўсімі гэтымі прыкладамі мы абавязаныя заходнім краінам. Там, дзе Захад ішоў на кантакт з рэжымам, каб вырашыць пытанне вызвалення канкрэтных асоб, якія цікавілі, яны былі вызваленыя. Цаной пэўных саступак: недзе —званкоў, недзе — акрэдытацыі амбасадара. Дэмсілы абураліся, хоць усе гэтыя саступкі ўжо мала ўплывалі на надвор'е, але затое моцна паўплывалі на лёс канкрэтных людзей. І гэта ключавое.
Спрабую гэтым у тысячны раз сказаць, што ёсць цалкам рабочая схема вызвалення людзей — была б палітычная воля. Выбар за Кабінетам — стымуляваць гэтыя працэсы ў сваіх кантактах з ЕС, ЗША і іншымі саюзнікамі або надзьмуваць шчокі і ўпарта гнуць сваю лінію, як гэта было да гэтага часу.
— А стаўка на сілавы блок, адмова ад мірнага пратэсту — ці не выкліча гэта «асіметрычную рэакцыю» ўладаў і ці не зробіць горш беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі?
— Што са слоў ператворыцца ў справы, а што застанецца паветрам, сказаць пакуль складана. З выступу адказнага прадстаўніка Кабінета на канферэнцыі я не вынес, што ён зрабіў гэтую стаўку.
У любым выпадку, бянтэжыць кіданне з крайнасці ў крайнасць. Я лічыў і лічу, што мірныя пратэсты не ўяўляюць для такога рэжыму, як у Беларусі, пагрозу, але гэта зусім не азначае, што гэты рэжым можна знесці ваеннымі сродкамі.
З аднаго не вынікае іншае. Тым больш, за рэжымам стаіць Крэмль, і па падзеях ва Украіне мы можам судзіць, на што ён здольны.
Варыянтам мог быць наменклатурны пераварот, але ён не адбыўся, а цяпер, зноў жа, стаўка на санкцыі і ізаляцыю — зусім не тое, што можа стварыць для яго глебу на будучыню. Вертыкаль самаачысцілася і ўмацавалася.
Ламаюцца дзіды ў спрэчках пра тое, ці можна стварыць войска Беларусі за мяжой — прыме або не прыме яго іншая краіна. А хіба гэта так важна?
Дзіўна звязваць з батальёнамі або палкамі надзеі на фоне таго, што ва Украіне Расіі супрацьстаіць войска, пад стрэльбу ўстала амаль уся краіна, ідзе вайсковая і фінансавая дапамога з-за мяжы, але гэта пакуль, мякка кажучы, не развязвае праблему дэакупацыі. Але чамусьці квітнее вера ў тое, што войска вырашыць праблему рэжыму ў Беларусі, хоць за ім той самы Крэмль, што паглынае па частках Украіну.