«Майстэрня паштовак салідарнасці» заклікае падтрымаць палітзняволеных жанчын

Да другой гадавіны з пачатку Жаночых маршаў — 12 жніўня — «Майстэрня паштовак салідарнасці» разам з кампаніяй #FreeViasna зрабілі стыкерпак, які дапаможа выказаць павагу, любоў і пяшчоту палітзняволеным жанчынам.

marafon_pashtovak.jpg


«Мы дашлем налепкі ўсім ім за краты і запрашаем вас дадаць вашыя словы падтрымкі», — заяўляюць аўтары праекту.

«Два гады таму мы захапляліся сілай смелых беларускіх жанчын. Яны выйшлі без зброі, маючы з сабою толькі бясконцую любоў да Беларусі. За імі ўзнялася ўся краіна. Сёння яны працягваюць змяняць усё навокал і імкнуцца да праўды, нават знаходзячыся за кратамі», — пішуць яны.


Што зрабіць?

Пакіньце вестачку для любой палітзняволенай жанчыны ў анлайн-форме «Майстэрні», а валанцёркі і валанцёры перапішуць яе на дызайнерскую паштоўку і дашлюць разам са стыкерпакам.


Якога памеру мусіць быць вестачка?

Гэта могуць быць як некалькі кароткіх сказаў са словамі падтрымкі, так і паўнавартасны ліст. Лісты перапісваюцца на дызайнерскія паштоўкі «Майстэрні».


Што, калі вестачкі атрымаюць не ўсе жанчыны?

Мы ўласна падпішам паштоўкі салідарнасці ўсім, хто не атрымае вестачак праз анлайн-форму і дашлем разам са стыкерпакамі. Важна, каб усе палітзняволеныя жанчыны адчулі ўвагу і падтрымку!


Што, калі адной жанчыне напішуць адразу некалькі чалавек?

У такім выпадку мы дашлем усе вестачкі, але толькі ў адзін канверт дадаткова да паштоўкі/ліста ўкладзем стыкерпак.