У Львове адкрылася фотавыстава партрэтаў беларускіх палітвязняў

На выставе «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў філіяле Львоўскага гістарычнага музея нашы суайчыннікі вырашылі расказаць украінцам пра сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, якія асуджаныя за пазіцыю ў дачыненні да Украіны.

5_5_2.jpg


Выстава адкрылася 9 жніўня, у Дзень годнасці, што пазначае пачатак беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і шырока адзначаецца беларусамі па ўсім свеце.

Беларуская медыяэкспертка Аліна Рудзіна, адна з арганізатарак праекту, патлумачыла Reform.by, што менавіта жаданне пазначыць пачатак нашай рэвалюцыі прывяло да ідэі гэтай выставы.

— Мы вырашылі спыніцца на тэме палітвязняў, бо ведалі, што ў беларускіх турмах знаходзяцца грамадзяне Украіны, якія падтрымалі пратэсты ў 2020 годзе, таксама былі зняволеныя актывісты і журналісты, якія займалі праўкраінскую пазіцыю і выказваліся супраць вайны. У пачатку нам здавалася, што гэты будзе 15-20 асоб, аднак цягам падрыхтоўкі да выставы высветлілася, што такіх людзей вельмі шмат, і мы нават не былі ўпэўнены, што да пачатку мантажу выставы паспеем усё зафіксаваць, — падзялілася яна.

Учора, падчас адкрыцця многія гледачы былі шакаваныя тым, што можна атрымаць шэсць з паловай гадоў за нейкі перапост, што вельмі шмат зусім маладых людзей атрымалі тэрміны па крымінальнай справе. То бок яны былі шакаваныя несуадноснасцю іх дзеяння і пакарання. Паказаць гэта — было адной з нашых мэтаў.

Таксама нам было важна, каб украінцы ведалі не толькі пра жанчын з кветкамі і зняты абутак — тое, што пастаянна ўсплывае, калі яны згадваюць беларускую рэвалюцыю, аднак і тое, як цяжка сёння выказваць меркаванні, што не супадаюць з афіцыйнай версіяй.

Абвінавачанні, прад'яўленыя людзям, чые партрэты можна ўбачыць сёння на выставе: за рэпосты ў сацсетках, за выказаную антываенную і праўкраінскую пазіцыю, за дасланыя фота ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі. За намер далучыцца да вайны на баку Украіны, за спаленыя рэлейныя шафы і пашкоджанае чыгуначнае абсталяванне…

Мы збіраемся праводзіць індывідуальныя экскурсіі для ўкраінскіх журналістаў, на якіх плануем расказваць пра стан рэпрэсій на сённяшні момант.

На адкрыцці экспазіцыі ад Украіны прысутнічаў прадстаўнік абласной ваеннай адміністрацыі, які сказаў цёплыя словы ў адрас беларусаў.

На гэтай выставе няма гламурных здымкаў ад вядомых фатографаў. Калі чалавек трапляе пад каток беларускай рэпрэсіўнай машыны, ён часцей за ўсё аказваецца не гатовы да гэтага, і ў праваабаронцаў аказваюцца здымкі не самай лепшай якасці. Таму для гэтай выставы ўсе фатаграфіі былі стылізаваны пад імгненныя здымкі Polaroid. Унізе размясцілі кароткую даведку, за што чалавек быў затрыманы, і QR-код, які вядзе на старонку з гісторыяй палітвязня на сайтах праваабарончых ініцыятыў.

14_2_1.jpg


Фатаграфіі замацаваныя на драўляных рэйках, якія імітуюць краты.

Экспазіцыя падзелена на некалькі зон:

  • Фота тых, хто асуджаны за праўкраінскую або антываенную пазіцыю.
  • Фота тых, чыя праца як прафесіянала была звязаны з украінскімі тэмамі (журналісты і актывісты).
  • Фота тых, хто асуджаны за «партызанкі» ўжо пасля пачатку вайны.
  • Фота тых, хто мае ўкраінскае грамадзянства або ўкраінскую сям'ю.

Таксама на выставе прапануюць паштоўкі і інструкцыю, каб напісаць ліст у турму і выказаць словы падтрымкі.

Суарганізатар мерапрыемства — Free Belarus Center. Выстава ажыццявілася і дзякуючы саўдзелу адміністрацыі Львоўскай абласной рады.

Выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі» працуе да 14 жніўня 2022 года з 9:00 да 17:00 у будынку філіялу Львоўскага музея гісторыі Украіны (пл. Рынак, 24).