Жонка Аляксандра Фядуты: «Чакаю вельмі вялікі тэрмін»

Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, кожны дзень зараз ходзіць на судовыя пасяджэнні. І менавіта на судзе яна ўбачыла нарэшце мужа — праз 15 месяцаў невядомасці.

Пра гэта Марына Шыбко распавяла журналістам «Спутніка» і сказала, што чакае жорсткі прысуд у дачыненні да мужа: «Артыкул прадугледжвае ад 8 да 12 гадоў, і я чакаю вельмі вялікі тэрмін. Вось так».

Усе радаваліся, што чалавек у турме

Марына Шыбко прыгадвае, як развіталася з мужам перад яго паездкай у Маскву, і пра тое, што здарылася адразу пасля арышту.

— Калі Саша ад'язджаў па справах, мы заўсёды звязваліся з ім па месенджарах, кожны дзень, а то і два разы на дзень. Так было і ў тую паездку ў Маскву, куды ён з'ехаў ў 2021 годзе. Што тычыцца тых дзён, то гэта была нядзеля, ад яго не было ніякіх сігналаў — ні смс, ні паведамленняў у месенджар. Мяне гэта насцярожыла. І я зразумела, што нешта здарылася. Таму што такога ніколі не было. І ўжо потым, у панядзелак, я пачала тэлефанаваць маскоўскім сябрам. Яны пацвердзілі, што Саша на сувязь не выйшаў, — карацей, ён знік. Увечары я паехала ў Маскву…

Адчуванні былі жудасныя. Таму што ніколі такога не было, я не думала, што яго арыштавалі, бо нічога ні пра што не ведала. За двое сутак перадумала ўсё — ён жа чалавек нездаровы. Ці мала што, а тым больш Масква. Пад машыну нават мог патрапіць…

І толькі праз суткі я даведалася, што ён затрыманы. Мне ўсё кідалі радасныя паведамленні — «Ура, знайшоўся!!!"» Усе радаваліся, што чалавек у турме, — прыгадвае няпростыя дні арышту мужа у красавіку 2021 года Марына Шыбко.


Сустрэча ў судзе

Марына Шыбко сказала, што з моманту ад'езду мужа ў Маскву ў красавіку мінулага года і да суда яна яго не бачыла — да яе даходзілі толькі рэдкія лісты.

— У нас не было ніякіх спатканняў. Я яго першы раз убачыла 29 ліпеня 2022 года, на судзе. З нашай апошняй сустрэчы прайшло больш за 15 з паловай месяцаў.


Фядута за кратамі схуднеў і выглядае не вельмі здаровым чалавекам:

— Вельмі цяжка хварэў зімой — у яго два разы была пнеўманія, не мог ляжаць, не мог спаць, яму нават дазвалялі сядзець ноччу, а днём ляжаць. І цяпер відаць, што чалавек не здаровы…

Я вельмі злуюся на Сашу, і ён гэта адчувае, ведае. Ён у мяне прасіў прабачэння — я гэта бачыла па вачах, калі мы першы раз сустрэліся 29 ліпеня. Я люблю гэтага чалавека. Ён вельмі-вельмі добры, разумны, дасведчаны, скарбніца інфармацыі. Усе пра гэта ведаюць. Пры гэтым ён вельмі трапяткі чалавек. Заўсёды прыйдзе на дапамогу. Заўсёды дапамагаў сваім сябрам і сваякам. Я б сказала, што ён — чалавечышча.


Марына Шыбко прыгадала, як у 2010 годзе мужа затрымлівалі на прэзідэнцкіх выбарах, і Фядута адседзеў некалькі месяцаў у СІЗА КДБ. Тады яна прасіла яго больш не ўдзельнічаць у палітыцы.

— Я злуюся на яго таму, што ён увязаўся ў гэта. Я яму пасля 2010 года сказала, што людзі з такім здароўем не павінны займацца рызыкоўнымі праектамі, а палітыка — гэта заўсёды рызыка. Пасля 2010 года мне хапіла выпрабаванняў. Тады перажыла — а цяпер выпрабаванні прыйшлі зноў. Што сказаць — так здарылася. Больш нічога не скажу. Напэўна, па-іншаму не мог паступіць, ён і на судзе так кажа.


Нагадаем, усіх абвінавачаных па справе пра захоп улады затрымалі ў красавіку 2021 года, і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама пра «раскрыццё дзяржаўнага перавароту».

У выніку фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт.361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт.342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: