Аляксандр Фядута на судзе прызнаў віну ў змове з мэтай захопу ўлады

Падчас суда аб змове з мэтай захопу ўлады Аляксандр Фядута прызнаў віну

photo_2022_07_29_16_30_13.jpg

Пасля абвяшчэння абвінавачвання Аляксандр Фядута прызнаў віну ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале Агенцтва тэленавін.

Аляксандр Фядута сказаў: “Віну ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам я прызнаю”. Прынамсі, так перадае словы палітвязня БЕЛТА.

Пазней праваабаронцы зрабілі ўдакладненне, што Фядута прызнаў віну часткова, але не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі.


Нагадаем, сёння ў Мінскім абласным судзе распачаўся суд па справе аб «змове з мэтай захопу ўлады». На лаве падсудных — Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Суд нечакана зрабілі адкрытым, хоць першапачаткова меркавалася, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме.

Фядуту і Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве, а Кастусёва — у Беларусі паводле абвінавачвання ў спробе дзяржаўнага перавароту. У гэты ж дзень была затрыманая Вольга Галубовіч.

Праз некалькі дзён пасля арышту асноўных падазраваных, 17 красавіка, Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы асоб, якія нібыта планавалі замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. У той жа час кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў, што спыненая праца арганізаванай групы, якая спрабавала захапіць уладу ў Беларусі.

Датычнымі да гэтай жа справы былі названыя Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка і Ігар Макар, якія знаходзяцца за мяжой.

Найбольшую колькасць крымінальных артыкулаў прыпісалі Юрасю Зянковічу. Ён абвінавачваецца паводле ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва абвінавацілі паводле ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука — паводле  ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).