«Магчыма, будзе крыху весялей». Аляксандр Фядута даслаў на волю чарговы ліст

11 ліпеня, споўнілася роўна 15 месяцаў, як у Маскве быў схоплены вядомы журналіст, паліттэхнолаг, пісьменнік, літаратуразнаўца Аляксандр Іосіфавіч Фядута. Учора «Народная Воля» атрымала ад яго чарговы ліст.

aleksandr_feduta_scaled_1.jpg_1.webp

«У мяне ўсё адносна нармальна, — піша Аляксандр Іосіфавіч. — Часам адчуваю сябе Артурам Артуравічам з булгакаўскага «Бегу», калі ўся камера пасярод ночы пачынае паляванне на тараканаў. На шчасце, тараканаў не так ужо і шмат, але прагульваюцца яны з зайздроснай рэгулярнасцю. Як правіла, паляванне завяршаецца пахаваннем трэцяга таракана, пасля чаго наша камера з самазадаволеным пачуццём выкананага абавязку адыходзіць да сну».

Адгукнуўся Фядута і на сезонныя клопаты беларусаў, узгадаўшы сямейныя дбанні на лецішчы. «Марына Уладзіміраўна (жонка журналіста Марына Шыбко. — рэд.) час ад часу падкормлівае мяне інфармацыяй пра жыццё панскага двара: то ў яе гібее на карані ўраджай петуній, то бягонія радуе вока. Гэта ўсё нейкая невядомая мне садавіна-гародніна, — жартуе Фядута. — Але галоўная бітва на лецішчы — з кратамі, якія «паўстаюць гэткімі грэкамі-ахейцамі, што асаджаюць наш дамок, своеасаблівую Трою-Іліён».

Палітвязень узгадвае свой колішні ўнёсак у перамогу: «І я быў Гамерам — брадзіў па ўчастку з рупарам у руцэ і гарлапаніў прама ў нару: «Крот, крот, хрэн табе ў рот! Сыходзь у чужы агарод!» Гэта, праўда, мала дапамагала ў барацьбе з падземнымі Адысеямі. Але чаго чакаць ад такіх нізкапробных вершыкаў? Тут нават высокая паэзія наўрад ці падзейнічала б».

Пра рэчы вельмі сур’ёзныя Фядута кажа спакойна: «Справа наша ў абласным судзе, і я чакаю пачатку працэсу. Магчыма, будзе крыху весялей».