Суд аб «змове з мэтай захопу ўлады» вырашылі зрабіць адкрытым!

Сёння ў Мінску распачаўся суд па справе аб «змове з мэтай захопу ўлады». На лаве падсудных — Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Суд нечакана зрабілі адкрытым — разгляд працягнецца ў 14.00 у Мінскім абласным судзе (вул. Маякоўскага,119а).

photo_2022_07_29_12_02_35.jpg

Планавалася, што справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» будуць разглядаць у закрытым рэжыме. Прынамсі, пра гэта казалі раней адвакаты падсудных. Аднак пасяджэнне зрабілі адкрытым. Пра гэта паведамляе дачка Рыгора Кастусёва на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Сябры, пасяджэнне афіцыйна зроблена адкрытым!!!! У каго ёсць жаданне i магчымасць, а 14 гадзіне пад'язджайце. Будынак Мінскага раённага суда на Маякоўскага».

Нагадаем, амерыканскага адваката Юрася Зянковіча, літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту і старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку мінулага года ў межах справы па «замаху» на Лукашэнку і яго сям’ю.

Усе яны з’яўляюцца абвінавачанымі па крымінальным артыкуле 357 (Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Палітыкам пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення.

Юрась Зянковіч

Юрась Зянковіч

Найбольшую колькасць крымінальных артыкулаў прыпісалі Юрасю Зянковічу. Ён абвінавачваецца паводле ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва абвінавацілі паводле ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук — паводле  ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Справу пра «змовы» будзе разглядаць суддзя Уладзімір Арэшка. Да лета 2020 года ён займаў пасаду раённага суддзі ў Слуцку.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэта не першая «пратэсная» рэзанансная справа, якую разглядае Арэшка. Менавіта ён 30 траўня прысудзіў 22 гады калоніі Вячаславу Малейчуку — нібыта за «падрыхтоўку тэрактаў» на леташні Дзень Волі. Да таго ж паводле ўсіх апеляцыйных скаргаў на «палітычныя прысуды», якія разглядаў Уладзімір Арэшка, ён пакідаў прысуды без зменаў.