Да 16 гадоў турмы. Вынеслі прысуды бабруйскім «рэйкавым партызанам»

Пяцёх падсудных абвінавацілі ў некалькі эпізодах, якія ўлады называюць «актамі тэрарызму на Магілёўшчыне». Гаворка ідзе пра акты супраціву на чыгунцы ўлетку і ўвосень мінулага года.

babruisk_chygunka_2.jpg


Закрыты судовы працэс за «сабатаж чыгункі»пачаўся 19 ліпеня ў Бабруйску. Абвінавачаныя — Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў, Наталля Кед і Надзея Полькіна.

Ім ставілі ў віну чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 368 ч. 1 «Абраза прэзідэнта»,
  • арт. 290 ч. 2 «Пагроза здзяйснення акту тэрарызму»,
  • арт. 289 ч. 2 «Акт тэрарызму»,
  • арт. 290-4 ч. 2 «Стварэнне арганізацыі для здзяйснення тэрарыстычнай дзейнасці ці ўдзел у ёй».

Як паведамляюць праваабаронцы, 10 жніўня падсудным агучылі вырак: Канстанціну Ермаловічу прысудзілі 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 9600 рублёў, Віталю Мінкевічу — 15 гадоў узмоцненага рэжыму, Ігару Казлову —14 гадоў узмоцненага рэжыму, Надзеі Полькінай — 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Наталлю Кед асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі».

Суддзя — Наталля Агладкава.

У першы дзень судовага пасяджэння суддзя пастанавіла праводзіць працэс у закрытым рэжыме, таму вельмі мала на гэты час інфармацыі аб судовым працэсе.

Вядома, што ўсіх пяцярых бабруйчан абвінавачваюць у тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года.

Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча абвінавачваюць за шэраг дзеянняў «тэрарыстычнага характару» летам-восенню 2021 года.

Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначнай станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом «Табакеркі» каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску.

Таксама сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).

Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, цяпер іх утрымліваюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месцазнаходжанне жанчын невядомыя.

Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».