У Бабруйску судзяць «рэйкавах партызан» па «тэрарыстычных» артыкулах

У Бабруйску 19 ліпеня распачаўся закрыты судовы працэс за «сабатаж чыгункі». На лаве падсудных пяцёра — Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў, Наталля Кед і Надзея Полькіна. Што пра іх вядома?

_belarus_ekanomika__fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

Усе пяцёра затрыманых праходзяць па адной справе, іх вінавацяць паводле 4-х артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 ч. 1 «Абраза прэзідэнта», арт. 290 ч. 2 «Пагроза здзяйснення акту тэрарызму», арт. 289 ч. 2 «Акт тэрарызму», арт. 290-4 ч. 2 «Стварэнне арганізацыі для здзяйснення тэрарыстычнай дзейнасці ці ўдзел у ёй», паведамляюць праваабаронцы.

Гаворка ідзе пра так званыя ўладамі «акты тэрарызму на Магілёўшчыне», а фактычна — акты супраціву ўлетку і ўвосень мінулага года: спыненне цягнікоў на 1,5 гадзіны каля станцыі Мірадзіна 11 жніўня 2021-га, сабатаж чыгункі 24 і 31 жніўня 2021-га каля станцый Цітаўка і Бабіна, а таксама 16 верасня спыненне працы «Табакеркі»; падпал стралковага ціру на стрэльбішчы «Кісялевічы» в\ч 5527.

Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, цяпер іх утрымліваюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месцазнаходжанне жанчын невядома.

  • Канстанцін Ермаловіч нарадзіўся ў Літве ў 1991 годзе, але пражывае ў Бабруйску, унесены ў спіс «тэрарыстаў».
  • Віталь Мінкевіч нарадзіўся ў 1994 годзе. Вядома, што Віталь працаваў у абутковай краме ў Бабруйску. Хлопец таксама ўнесены ў спіс «тэрарыстаў».
  • Ігар Казлоў нарадзіўся ў 1975 годзе, працаваў на «Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў», унесены ў спіс «тэрарыстаў».
  • Наталля Кед нарадзілася ў расійскім Арзамасе, але з'яўляецца грамадзянкай Беларусі, пражывае ў Бабруйску. Афіцыйна не была працаўладкавана, таму апошняе месца працы невядома.
  • Надзея Полькіна — працаўніца «Бабруйсктрыкатажу», жыхарка Бабруйску. Апошні раз была ў сацсетках 18 сакавіка, мажліва, у гэты дзень яна і была затрыманая.