СБУ абвінавачвае расійцаў у ядзерным тэрарызме і крадзяжы радыеактыўных матэрыялаў з ЧАЭС
Служба бяспекі Украіны заяўляе, што сабрала безумоўныя доказы акта ядзернага тэрарызму на ЧАЭС з боку расійскіх войскаў, якія захапілі і кантралявалі АЭС з 24 лютага па 31 сакавіка.
СБУ адзначае, што ЧАЭС застаецца комплексам з трыма сховішчамі адпрацаванага ядзернага паліва і пляцоўкамі з радыеактыўнымі адкідамі, піша REFORM.by.
«Ператварыўшы гэты аб'ект у сваю часовую ваенную базу, РФ груба парушыла Жэнеўскую канвенцыю, якая наўпрост забараняе здзяйсняць напады на ядзерныя аб'екты ва ўмовах узброенага канфлікту», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
СБУ адзначае, што расійскія войскі парушылі нормы ядзернай бяспекі, у прыватнасці:
- пашкодзілі памяшканні, замініравалі тэрыторыю, справакавалі пажары,
- зрабілі немагчымым рэгулярны знешні маніторынг радыяцыі і бесперапынную пастаўку запасных частак, паліва і расходных матэрыялаў,
- утрымлівалі персанал у стрэсавых умовах, павялічваючы верагоднасць прафесійных памылак.
СБУ мае ў распараджэнні пацверджанні таго, што:
- падчас акупацыі на тэрыторыі зоны адчужэння пастаянна знаходзілася вялікая колькасць цяжкай ваеннай тэхнікі, узбраення і больш за 1000 вайскоўцаў з РФ,
- непасрэдна на тэрыторыі радыяцыйна небяспечных аб'ектаў і сховішчы САЯП — 2 (прамежкавае сховішча адпрацаванага ядзернага паліва «сухога» тыпу) знаходзіліся 300 і 30 вайскоўцаў адпаведна,
- на тэрыторыі сховішча, дзе праводзяцца працы з адпрацаванымі матэрыяламі рэактараў з плутоніем-239, акупанты абсталявалі 5 агнявых кропак,
- тэрыторыя зоны адчужэння была замінаваная: выяўлена больш за 100 мініровак і 3 падрывы,
- у пачатку сакавіка акупанты пашкодзілі вышкі сувязі, што пацягнула за сабою выхад з ладу сістэмы маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі.
- 9 сакавіка прадпрыемства было амаль цалкам абясточанае, што практычна паралізавала працу ўсіх сістэм кантролю і бяспекі, была адключаная сістэма астужэння адпрацаванага ядзернага паліва,
- на тэрыторыі зоны адчужэння падчас знаходжання там расійскіх войскаў зафіксаваныя пажары на плошчы амаль 14 тысяч гектараў,
- разрабавана і фактычна знішчана ўнікальная лабараторыя «Экацэнтр», абсталяванне якой каштуе 6 млн еўра, скрадзена абсталяванне, выведзена з ладу сістэма фізічнай абароны станцыі і выкрадзена мабільная лабараторыя радыяцыйнай разведкі коштам 2, 5 млн. грыўняў,
- выкрадзена 21 крыніца іанізуючага выпраменьвання агульнай актыўнасцю амаль 7 млн Бк,
- расійскія войскі вялі земляныя работы ў Рудым лесе.
СБУ адзначае, што тэрыторыя зоны адчужэння да гэтага часу не размініраваная, існуе высокая верагоднасць некантраляваных выбухаў і выклікання імі пажараў.
СБУ прад’явіла падазрэнні былому намесніку камандуючага сібірскай акругай Расгвардыі генерал-маёру Якушаву, які аддаў загад штурмаваць ЧАЭС, і намесніку камандзіра зводнага атрада асаблівага прызначэння Расгвардыі па Бранскай вобласці палкоўніку Фраленкову, які кіраваў дзеяннямі падначаленых пры нападзе на аб'ект.