Шматдзетную маці з Іванава судзілі тройчы за шэсць дзён — увесь гэты час жанчына была ў ізалятары
Міліцыянты склалі на жыхарку Іванава Марыну Кіявец тры пратаколы за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, паведамляюць праваабаронцы.
Але ў суд аддалі не ўсе адразу, а па чарзе. Тым часам 33-гадовую жанчыну, якая гадуе траіх дзетак, трымалі за кратамі. Па законе, яе павінны былі адпусціць праз 3 гадзіны.
— Гэта ўсё, ці яшчэ будзеце насіць кожны дзень пратаколы? — запытаўся суддзя ў міліцыянтаў падчас учорашняга пасяджэння.
— Ніяк не, усё, — адказаў адзін з іх.
— А чаму ў пятніцу не разгледзелі? У пятніцу я ж разглядаў [іншую справу на Марыну Кіявец]?
— Указанне, — удакладніў міліцыянт.
Тады суддзя абвясціў, што карае жанчыну штрафам у 640 рублёў. Гэта трэці штраф, які прысудзілі Кіявец. Агулам за тры рэпосты яна мусіць заплаціць 2368 рублёў (74 базавыя велічыні).