«Людзі баяцца расказваюць пра свае суды». Чаму ў чарговай справаздачы «Вясны» нізкія лічбы затрыманняў
На пачатку ліпеня праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў чарговую справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі па выніках чэрвеня. Згодна з прыведзенымі там лічбамі, колькасьць затрыманых за месяц па палітычна матываваных справах у краіне склала каля 100 чалавек, а колькасьць вызваленых палітвязьняў перавысіла колькасьць новых — 28 супраць 19.
100 затрыманьняў за чэрвень — гэта ў два зь лішкам разы
менш, чым у траўні. Тады «Вясна» зафіксавала больш за 260 палітычна матываваных
арыштаў. Лічба 100 затрыманых найменшая за два апошнія гады (за выключэньнем
месяцаў, па якіх няма дадзеных). Аднак, як патлумачыў у размове са «Св*бодай»
юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка, лічбы ў справаздачы зусім
не азначаюць, што рэпрэсіі ў Беларусі пайшлі на спад.
«Людзі запалоханыя, не расказваюць нікому пра свае суды»
«Гэта азначае толькі тое, што нам стала вядома пра меншую колькасьць затрыманых, — кажа Павал Сапелка. — Пра спад рэпрэсій гаварыць нельга. Мы бачым, што прысуды па крымінальных справах штампуюцца стабільна. Стабільна выкарыстоўваюцца новыя склады злачынстваў, уведзеныя ў мінулым годзе, якія караюць за «дзейнасьць ад імя экстрэмісцкіх фармаваньняў». А ў рэальнасьці — за дзеяньні, якія ня маюць ніякай грамадзкай небясьпекі, і хутчэй наадварот, часам нават грамадзка карысныя».
Па словах Паўла Сапелкі, адміністрацыйны перасьлед у
Беларусі стаў сапраўднай «шэрай зонай». Улады ўсяляк спрабуюць зьменшыць
магчымасьці кантролю за такімі судовымі працэсамі.
«Людзей затрымліваюць, судзяць па відэаканфэрэнцыі, — кажа
праваабаронца. — Паведамленьняў пра такія працэсы часта ў раскладзе судоў няма.
Людзі часта запалоханыя, не расказваюць нікому пра свае суды. Альбо яны
кіруюцца яшчэ нейкімі прычынамі».
Як кажа Павал Сапелка, поўнай афіцыйнай статыстыкі па
колькасьці адміністрацыйных правапарушэньняў і тым, якія зь іх менавіта былі
зьдзейсьненыя, не існуе ўжо некалькі гадоў. Статыстыка не публікуецца ўжо
вельмі даўно, апошні раз афіцыйныя лічбы па ранейшым артыкуле 23.34 агучвалі ў
2015-16 гадах. Але нават тады праваабаронцы крытычна ставіліся да афіцыйных
лічбаў.
«Мы падазраём, што зараз рэальная колькасьць прыцягнутых да
адміністрацыйнай адказнасьці ў Беларусі значна перавышае тыя лічбы, якія нам
вядомыя, — кажа праваабаронца. — Зараз часам публікуецца статыстыка агулам па
адміністрацыйных правапарушэньнях, але яна не дае нам уяўленьня пра сытуацыю».
«Суды па скайпе працягваюцца»
Як кажа праваабаронца, адміністрацыйныя суды па «палітычных» артыкулах па-ранейшаму масава праводзяць дыстанцыйна з дапамогай сродкаў сувязі, карыстаюцца Skype, Viber і іншымі праграмамі. Гэтая практыка не спынілася, нягледзячы на адмену большасьці супрацьковідных мераў, пасьля таго як пандэмія адступіла.
«Мы адразу казалі, што гэта ўсё не зьвязана ў рэальнасьці з
супрацьдзеяньнем распаўсюду каранавірусу, — кажа Павал Сапелка. — Гэта спосаб
вывесьці адміністрацыйны працэс з-пад увагі грамадзтва. Спрасьціць у нейкай
ступені працу органам унутраных спраў. Каб яны не займаліся перавозкай
абвінавачаных, напрыклад. Але гэта сур’ёзна парушае правы затрыманых. Пачынаючы
з таго, што такі спосаб вядзеньня працэсу не апісаны ў Кодэксе аб
адміністрацыйных правапарушэньнях. Фармальнасьці не распрацаваныя. Спосаб
забесьпячэньня відэатрансьляцыі разнастайны. У сваіх справаздачах мы адзначаем,
што вельмі рэдка абвінавачаны задаволены якасьцю сувязі. Часта яны ўвогуле не
разумеюць, што адбываецца, ня чуюць судзьдзі».