Мікалай Аўтуховіч дзясяты дзень трымае «сухую галадоўку»
Мікалая Аўтуховіча, які працягвае трымаць сухую галадоўку, надалей прыводзяць на судовыя пасяджанні, што адбываюцца ў будынку гродзенскай турмы.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Фота sb.by
Мікалая Аўтуховіча, як вядома, працягваюць трымаць у карцары, куды яго кінулі на тыдзень, паведамляюць праваабаронцы.
Вязень працягвае слабець, але трымаецца досыць бадзёра і не скардзіцца на свой стан. На працэсе ён пры неабходнасці ўстае і гаворыць, але ціха. У турме вязня рэгулярна наведваюць лекары.
Аўтуховіч моцна абязводжаны, у яго перасохлі вусны і язык, ад яго ідзе моцны пах ацэтону, які выдзяляецца пры галадаванні.
Блізкія просяць дасылаць Мікалаю негазаваную ваду, сокі, мёд у пластыкавых пакунках, каб ён у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.
Вязень такім чынам пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні, яму перасталі даходзіць лісты нават ад 83-гадовай маці.
Падтрымаць Мікалая Аўтуховіча, дасылаць яму лісты і бандэролькі можна на адрас: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу