«Арганізатарам змовы быў Шчыгельскі». Фядута даў паказанні ў судзе

Мінскі абласны суд 2 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць «справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Аб ходзе працэса распавядаюць праваабаронцы.

На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў.

Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў і Зянковіч — не прызналі, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам.

Трэці дзень суда пачаўся з допыту Аляксандра Фядуты. Суддзя дазволіў яму адказваць на пытанні седзячы — з-за стану здароўя, аднак ён адмовіўся. Учора яго жонцы ўдалося перадаць для мужа кіёк, бо ў яго абвастрылася падагра.

Палітолаг яшчэ раз удакладніў сваю пазіцыю па прад'яўленым абвінавачванні: «Я, як і раней, прызнаю сябе вінаватым часткова. Цалкам прызнаю, што прымаў удзел у змове».

Фядута заявіў, што не прызнае сябе вінаватым «перш за ўсё па абцяжваючых абставінах — што злачынства было здзейснена з нізінных памкненняў».

«Я таксама не згодны з тым, што ў змоўшчыкаў былі размеркаваныя ролі і функцыі, а таксама што былі нейкія калегіяльныя рашэнні, таму што ніякіх галасаванняў не вялося», — сказаў Фядута.

Да таго, як пачалі дапытваць Фядуту, суд спытаў пра стаўленне да прад'яўленага абвінавачвання яшчэ аднаго абвінавачанага — Юрыя Зянковіча. Зянковіч заявіў, што выкажа сваё прызнанне або непрызнанне віны па справе на наступным этапе судовага следства, калі ўсе абвінавачаныя дадуць паказанні.

«Я і ў чыстасардэчным прызнанні пісаў, што лічу Юрыя Зянковіча амбіцыйным і валявым, не занадта разумным чалавекам», — сказаў Фядута.

Пры гэтым ён распавёў, што ў гэтую гісторыю яго ўцягнуў Дзмітрый Шчыгельскі, які жыве ў ЗША. Адказваючы на ўдакладняючыя пытанні пракурора, Фядута выказаў сваё меркаванне аб тым, хто арганізаваў змову з мэтаю ваеннага перавароту ў Беларусі.

«Лічу што сапраўдным арганізатарам змовы быў Шчыгельскі, а сувыканаўцам быў Зянковіч», — сказаў ён.

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб «раскрыцці дзяржаўнага перавароту».

У выніку фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: