Трэці дзень суда над «змоўшчыкамі» скончыўся скаргай Фядуты на дрэннае самаадчуванне

Мінскі абласны суд 2 жніўня ў выязным пасяджэнні працягнуў разглядаць «справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Пра ход працэсу расказваюць праваабаронцы. Што адбывалася ў залі ў першай палове дня, можна паглядзець тут.

001_27.jpg

У другой палове дня працягнуўся допыт Аляксандра Фядуты.
Частка пытанняў пракурора тычылася ўдзельнікаў зум-канферэнцый, падчас якіх абмяркоўваліся пытанні сілавога захопу ўлады ў краіне.
Фядута паведаміў, што раней такіх людзей, як Макар, Хофман і Кулажанка не ведаў. Акрамя гэтага, ён распавёў, што адзін раз у зум-канферэнцыі прыняў удзел Раман Пратасевіч, у яго на аватарцы быў чорны квадрат.

Аляксандр Фядута дапоўніў, што не знаёмы з Раманам Пратасевічам.

«У мяне выклікаў вялікае здзіўленне ягоны ўдзел у адной з зум-канферэнцый, — адзначыў ён. — Адзін-адзіны раз прагучала прозвішча Аўтуховіча».

Аляксандр Фядута на судзе растлумачыў, што сябе бачыў чалавекам, які курыруе пытанні адукацыі і рэформы выбарчай сістэмы, Зянковічу павінна было адысці куратарства судовай сістэмай. Таксама абмяркоўвалася тэма запрашэння некаторых дзейных беларускіх чыноўнікаў у так званы часовы ўрад.

Адказваючы на пытанне пракурора пра тое, ці абмяркоўвалася ў яго прысутнасці, у тым ліку падчас зум-канферэнцыі, пытанне пра лёс Лукашэнкі, Фядута сказаў, што не ўдзельнічаў у гэтым.

«Гэта пытанне тых, хто павінен быў ажыццяўляць пераварот», — сказаў Фядута.

Пракурор таксама задаў пытанне, ці гучала з чыіх-небудзь вуснаў тэма фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі.

«Я цяпер не згадаю дакладна, але я думаю, што гучала ў якасці здагадкі. А хто прамаўляў, гэта я не ўспомню», — сказаў ён.

Фядута сказаў, што гэта можна паглядзець у матэрыялах справы. На што пракурор адказаў: «Паглядзім».

З-за ўзніклых супярэчнасцей у паказаннях Фядуты на следстве і ў судзе пракурор папрасіў суддзю дазволіць зачытаць пратаколы допытаў. Як вынікае з ягоных паказанняў, «змоўшчыкамі» планавалася пасля вайсковага перавароту ўзяць пад варту не менш за 30 чыноўнікаў, уключаючы кіраўніцтва Генпракуратуры, МУС, СК, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну і экс-кіраўніка МУС. Былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева планавалася аддаць пад суд. Акрамя гэтага, паводле паказанняў Фядуты на следстве, якія зачытаў пракурор, на пераходны перыяд павінна была быць арганізаваная «хунта з сямі чалавек альбо калектыўны прэзідэнт». Акрамя таго, ішла гаворка пра фарміраванне часовага ўрада. Сёння ў судзе Фядута патлумачыў, што рашэнне па прызначэннях у часовы ўрад і хунту павінен быў прымаць дзеючы парламент.

Пасля допыту Фядуты пачаўся допыт палітзняволенай Вольгі Галубовіч — яна абвінавачваецца толькі па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

«Я з абвінавачваннем цалкам згодная», — адзначыла Вольга.

Яна распавяла, што прымала ўдзел у маршах у жніўні 2020 года ў Мінску: «Я сапраўды прысутнічала і знаходзілася на маршах 3-4-й гадзіны. Я заўсёды была з мабільным тэлефонам. Пра першы марш я прачытала ў Telegram-канале і вырашыла, што варта далучыцца».

Вольга Галубовіч разумела, што маршы супрацьзаконныя: «Я чула, як казалі ў гучнагаварыцель: разыдзіцеся, вашыя дзеянні супрацьзаконныя».

Таксама Вольга Галубовіч распавяла пра знаёмства з Юрыем Зянковічам: «Я ведаю яго больш за 20 гадоў, мы пазнаёміліся ў канцы 90-х».

Затым яны ўступілі ў розныя рэгіянальныя структуры БНФ, і стасункі сталі больш шчыльнымі.

Успамінаючы падзеі восені 2020 года і пачатку 2021-га, Галубовіч прызналася, што сапраўды здымала грошы з крэдытнай карты, на якую іх пералічваў Зянковіч. Фігуравалі розныя сумы ў беларускіх рублях і доларах. Грошы яна пакідала ў камеры захоўвання на аўтавакзале, каля абочыны дарогі і нават на могілках на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці.

Потым Аляксандр Фядута заявіў хадайніцтва аб неабходнасці медыцынскага агляду ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Пасяджэнне было вырашана завяршыць раней.

Суд працягнецца заўтра а 10:00.

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года, і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама пра «раскрыццё дзяржаўнага перавароту».

У выніку фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт.361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт.342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).