Наста Дашкевіч у свой дзень нараджэння папрасіла малітваў за Змітра
Найлепшым падарункам для Насты ў дзень нараджэння стануць малітвы за зняволенага мужа — каб ён спакойна ўсё прайшоў і выйшаў у тэрмін.
Сёння, 2 жніўня, Наста адзначае дзень нараджэння. Яна папрасіла ў якасці падарунку малітваў за Змітра Дашкевіча. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«У свой дзень народзінаў я хачу падзякаваць усім, хто побач і падтрымлівае адзін аднога ў цёмныя часы. А ў падарунак папрашу — малітву за Змітра. Каб ён спакойна ўсё прайшоў і выйшаў у тэрмін. Напішыце яму вестачку, напішыце любому іншаму вязню, які так прагне добрых словаў і спагады. Апроч мяне і цябе — гэтага ніхто не зробіць.
Так, зараз вельмі складаны час. Нічога не зробіш з гэтым. Але мы можам па-рознаму праходзіць праз яго. Ад нас многае залежыць. Няхай Госпад дае ў сэрцы разуменне, мір і супакой!»
Нагадаем, 14 ліпеня Зміцеру і Насце Дашкевічам агучылі прысуды. Зміцера асудзілі да 1,5 года калоніі, як і прасіў бок абвінавачвання, а Насту — да 3 гадоў «хатняй хіміі». Дашкевічам інкрымінавалі ч.1 арт. 342 КК (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У сваім апошнім слове Зміцер сказаў: «Я не разумею, што адбывацца .... Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а ня той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа «Часам не да законаў». Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так».