Сёння пачынаецца суд над Змітром і Настай Дашкевіч. Ім пагражае па 1,5 гады (Абнаўляецца)
Назбіралі факты пра пераслед сям'і актывістаў з 23 сакавіка
Фота Паўла Хадзінскага
23 сакавіка 2022 у кватэры Дашкевічаў адбыўся ператрус, пра што першай паведаміла Таццяна Шапуцька. Тады забралі ўсю тэхніку.
24 сакавіка 2022 у ГУБАЗіК паведамілі, што на Зміцера Дашкевіча «сабраны матэрыял для прыцягнення яго паводле артыкула 342 КК РБ, таксама ідзе праца па кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальванні нянавісці праз інтэрнэт-супольнасці».
Адметна, што Дашкевіча здымалі ў кабінеце беларускіх сілавікоў, дзе на дзвярах вісяць прарасійскія плакаты з літарамі Z і V, што сталі сімваламі ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.
Наста Дашкевіч у той дзень паведаміла, што актывіста трымаюць на Акрэсціна. Таксама адбыўся суд над Змітром па адміністрацыйным артыкуле. Яму прысудзілі 15 сутак.
6 красавіка 2022 жонка Зміцера напісала: «Званіў следчы з СК. Зміцер арыштаваны па 342 ч1. Заўтра не выйдзе».
16 красавіка 2022 Зміцера Дашкевіча перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага. Ён знаходзіцца пад вартай за нібы «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
29 красавіка 2022 Насце Дашкевіч паведамілі, што яна з’яўляецца падазраванай паводле «народнага» артыкула 342 ч.1 КК. Яна напісала, што яе выклікалі ў Следчы камітэт. Вынікам паходу стала тое, што цяпер яна — падазраваная паводле ч.1 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
«Калісьці я давала Змітру клятву, што буду з ім і ў горы, і ў радасці. Канешне, я не думала ў гэты момант, што пад гэтымі словамі будзе ў тым ліку адное судовае паседжанне, дзе нас будуць разам судзіць. Але так сталася. Сітуацыя, канешне, дзікая...», — напісала Наста Дашкевіч.
15 чэрвеня 2022 у сям'і Дашкевічаў нарадзілася дзіцё. «Сёння ў 6.50 раніцы ў нас нарадзіўся сын. Поўнае імя яго будзе — Данііл. Як хацеў тата. А скарочанае — Ніл. Як хацела мама. Малыш крыху паспяшаўся з’явіцца на свет і зараз ім нейкі час будуць апекавацца дактары. А я прыходжу ў сябе пасля аперацыі. Але ўсе жывы і здаровы, то слава Богу!» — напісала Наста.
Гэта чацвёртае дзіцё ў сям'і: у Дашкевічаў яшчэ дзве дачкі Мара і Магдалена, і сын Давід.
4 ліпеня 2022 стала вядома, што ў суде Маскоўскага раёна 11 ліпеня а 11.30 пачнуць разглядаць крымінальную справу Змітра і Насты Дашкевічаў. Змітру і Насце інкрымінуюць ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Пірожнікава, паведамляюць праваабаронцы.
11 ліпеня 2022 пракурур запатрабаваў 1,5 гады зняволення для Змітра і Насты.