КДБ зможа абмяжоўваць права выезду з Беларусі

Законапраект ужо трапіў на разгляд у палату прадстаўнікоў. Вядомыя цікавыя падрабязкі

paszpart_1.jpg


У Беларусі хочуць змяніць закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».
У спіс дакументаў, на падставе якіх дазволены выезд ці ўезд у Беларусь, нарэшце афіцыйна ўнясуць біяметрычны пашпарт. Але гэта не галоўныя змены праекту закона.
КДБ зможа абмежаваць выезд не толькі для тых, хто стаіць на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Ён можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю — не паведамляецца.
Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання, — у мэтах забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу».
Раней з Беларусі таксама не выпускалі тых, хто ўжо атрымаў штраф і не аплаціў яго. Цяпер жа выезд будзе забаронены і тым, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне судом пакуль яшчэ не прынятае.


У «правапарушэнні супраць парадку кіравання» ўваходзяць знаёмыя беларусам «палітычныя» артыкулы КаАП: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і гэтак далей.
Супрацоўнікам сілавых органаў можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненні з кіраўніцтвам.
Кіраўніцтва мае права ім адмовіць у выездзе з краіны «ў мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставін, якія перашкаджаюць іх выезду».
Акрамя таго, у выпадку наяўнасці ў гэтай катэгорыі асоб біяметрычнага пашпарта, на час службы яны абавязаны перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.
Што да дзяржслужачых — парадак іх выезду з Беларусі будзе вызначаць урад.