Хроніка палітычнага пераследу 10 ліпеня
Штрафы, катаванні ў турмах: працягваецца палітычны пераслед у Беларусі.
10 ліпеня праваабаронцы фіксуюць чарговыя рэпрэсіі ў Беларусі.
Ксяндза Яўгена Учкуроніса аштрафавалі за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
8 ліпеня ў Смаргоні адбыўся суд над ксяндзом Яўгенам Учкуронісам, пробашчам парафіі святога Яна Паўла ІІ. Яго звінавацілі ў захоўванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 Кодэксу аб Адміністрацыйных правапарушэннях). Што менавіта было вызначана як «экстрэмісцкае» — невядома.
Святара аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (640 беларускіх рублёў).
Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава перавялі ў шклоўскую калонію.
27-гадовы Арцём Сакаў — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў ютуб-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў — толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры — пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі.
Вядома, што яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З трэцяга ліпеня Арцём знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.
Падтрымаць палітвязня лістамі можна па адрасе: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Арцём Мікалаевіч Сакаў (на лістах пазначайце «каранцін»).
МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-канал «Витебск 97%».
Адпаведнае рашэнне было прынятае 6 ліпеня.