Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі

У Беларусі не спыняецца палітычны пераслед нязгодных з дзеяннямі рэжыму. Расказваем, каго махавік рэпрэсій закрануў сёння.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Палітвязня Андрэя Навіцкага ў калоніі асудзілі за «непадпарадкаванне» адміністрацыі. Да ўжо прысуджаных 5 гадоў зняволення за «ўдзел у акцыях пратэсту», «абразу Лукашэнкі» ў відэароліку на YouTube і «захоўванне пораху» суддзя Вольга Серакова дадала яшчэ 4 месяцы. Узмоцнены рэжым калоніі заменены на строгі.
Сёння прайшлі спрэчкі бакоў па справе Змітра і Насты Дашкевічаў. Пракурор запытаў па 1,5 года калоніі кожнаму па «народным» 342-м артыкуле. У сям'і Дашкевічаў 4 дзяцей, самаму малодшаму няма і месяца.
За няяўку на ваенныя сборы будуць судзіць жыхара Кобрына. 47-гадовы «рэзервіст» у прысутнасці сведкаў адмовіўся атрымліваць позву і не прыйшоў у ваенкамат. 436-ы артыкул, па якім будуць судзіць мужчыну, у якасці санкцыі прадугледжвае штраф, або год папраўчых работ, або арышт на тэрмін да 3 месяцаў.
КДБ прапануе ўвесці дадатковыя абмежаванні для беларусаў на выезд з краіны. Забарона выязджаць з Беларусі тэрмінам да паўгода можа закрануць сілавікоў; грамадзян, у дачыненні якіх вядзецца адміністрацыйны працэс; а таксама асоб, якія з'яўляюцца даўжнікамі па выканаўчай вытворчасці. Яшчэ адна цікавая фармулёўка: выезд можа быць абмежаваны, калі ён «супярэчыць нацыянальным інтарэсам дзяржавы».
Палітвязень Уладзімір Гундар спыніў «сухую» галадоўку, якую трымаў з 30 чэрвеня. Суд не рэагаваў на патрабаванні палітвязня і на прымусовае раздзяванне яго перад судовымі пасяджэннямі. Праваабаронцы паведамляюць, што галадоўка Гундара «дала некаторыя вынікі».
3 гады калоніі агульнага рэжыму далі «рэйкаваму партызану» з Полацка. Мужчыну асудзілі па ч.1 арт. 309 Крымінальнага кодэкса за «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін» . За антываенны верш у Tik-Tok з нібыта абразамі Лукашэнкі 1 год і 9 месяцаў калоніі атрымаў Аляксей Вячэрні.