У Гродне ліквідуюць чатыры грамадскія арганізацыі, у тым ліку байцоўскі клуб
У Гродзенскім абласным судзе ў канцы чэрвеня пачалі працэс ліквідацыі чатырох грамадскіх арганізацый. Гэта спартыўныя і сямейныя аб'яднанні. Пазоўнікам па справе выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Пакуль іх статус у адзіным дзяржаўным рэестры (АДР) пазначаны як «дзейны», адзначае гродзенскае медыя, прызнанае «экстрэмісцкім».
З канца чэрвеня ў судзе ліквідуюць чатыры арганізацыі:
Гродзенскае грамадскае сямейнае аб'яднанне
«Парадыгма». Працавала з 2010 года. У рамках грамадства стваралі
аўтарскія псіхалагічныя праграмы, праводзілі псіхалагічныя групы і праграмы.
Акцэнт рабілі на семінарах для сямейных пар. «Штогод праводзім групы
сямейнай тэрапіі для ўсіх шлюбных пар, якія хочуць захаваць і аднавіць свае
стасункі», — пісалі стваральнікі ў супольнасці ў Facebook. Па нумары,
паказанаму ў АДР, гродзенскім журналістамі не адказалі.⠀
Гродзенскае абласное грамадскае аб'яднанне «Чатыры вятры».
Арганізацыя працавала чатыры гады. Асноўны напрамак спартыўнага
аб'яднання — яхт-клуб. Арганізацыя ўжо ліквідаваная «за бяздзейнасць».
Пасля пандэміі яна практычна не дзейнічала, распавялі прадстаўнікі
аб'яднання.
Дзіцяча-юнацкае грамадскае аб'яднанне «Спартыўна
творчая студыя ФАЕР». Прапрацавала ўсяго два гады ў Слоніме. Кантактаў
аб'яднання знайсці не ўдалося.
Грамадскае аб'яднанне «Байцоўскі клуб "Чорная метка"»
прапрацаваў менш за два гады. Яго ліквідуюць праз суд, але аб'яднанне ўжо
знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі па рашэнні ўласніка ад 27 чэрвеня 2022 года.
Кантакты старшыні на сайце АДР таксама не пазначаны.
З пачатку года ў Гродне ліквідавалі абласны спартыўна-патрыятычны клуб «Гонар Радзімы», Гродзенскае абласное
грамадскае аб'яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, «Краязнаўчае таварыства — Коматава», «Устойлівае развіццё вёскі». Прычынай
ліквідацыі ў большасці выпадкаў сталі парушэнні ў дакументацыі, якія самі
старшыні называлі нязначнымі.
Масавая ліквідацыя пачалася ў Беларусі летам 2021 года.
Больш за 10 арганізацый у Гродне ліквідавалі па рашэнні суда, сем — па рашэнні
выканкамаў, некаторыя пачалі працэс ліквідацыі самастойна. Многія арганізацыі
не былі звязаны з палітыкай, а займаліся настольнымі гульнямі, развіццём спорту
і інфраструктуры, адукацыяй.