У Расіі розніца паміж словам спецаперацыя і «спецаперацыя» — 450 долараў

Менавіта такі штраф атрымаў жыхар расійскага Ніжняга Ноўгарада

Аляксей Паднябесны

Аляксей Паднябесны

Аляксею Паднябеснаму прысудзілі штраф 30 тысяч расійскіх рублёў у адміністрацыйнай справе аб дыскрэдытацыі расійскага войска. З дакумента вынікае, што двукоссі, у якія ён узяў слова «спецаперацыя», паслужылі абгрунтаваннем для абвінавачання Паднябеснага.
У публікацыі ва «УКантакце», за якую аштрафавалі актывіста, Паднябесны заявіў, што на грошы, якія трацяцца на «спецаперацыю», можна было б наладзіць гарачае водазабеспячэнне ў горадзе. У такім кантэксце двухкоссе, як палічыў суд, «безумоўна сведчыць аб іранічным, супрацьлеглым, грэблівым значэнні гэтага слова».
Паводле звестак праваабарончага праекту «ОВД-Инфо», на 1 ліпеня ў Расіі завялі 2799 спраў паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі расійскай арміі. Расійскія ўлады называюць баявыя дзеянні ва Украіне «спецыяльнай ваеннай аперацыяй» — скарочана «спецаперацыя». Зафіксавана мноства выпадкаў, калі людзей асуджалі за дыскрэдытацыю войска за выкарыстанне слова «вайна» замест «спецаперацыі».