«Гучаць сваім непаўторным рытмам сэрца». Сёння дзень народзінаў палітзняволенай музыкі Надзеі Калач

Сёння Дзень народзінаў беларускай музыкі, стваральніцы гурта «Irdorath» Надзеі Калач. Сёння сумны дзень: роўна год таму Надзею разам з яе мужам, таксама музыкам, Уладзімірам Калачом і іншымі ўдзельнікамі гурта затрымалі на лецішчы падчас святкавання 32-га дня народзінаў Надзеі. Затрымалі ганебна, зладзіўшы цэлы спектакль, якім пасля хваліліся ў прапагандысцкіх каналах.

nadzeja_kalacz.jpg

Чалавека — жывёлу сацыяльную і палітычную — ад звычайнай жывёлы адрознівае шмат якіх рэчаў: не толькі ўменне арганізоўваць грамадства, запускаць спадарожнікі ў космас, зарабляць грошы і цынічна жартаваць, але і ўменне ствараць нешта, што не мае выразнай прыбытковасці, не грае на нашай прагматычнасці і разлічана на доўгую гульню. Любы твор мастацтва — гэта не задавальненне штохвілінных патрэб, а размова, якая не мае часавага вымярэння: фіксуючы рэальнасць ці ствараючы ўласны свет, творца звяртаецца да ўсяго папярэдняга досведу чалавецтва, акумулюе яго ў адной сваёй думцы, у адным выказванні — і гэтае выказванне адпраўляе ў будучыню, да тых людзей, якімі мы станем потым, пасля многіх крокаў, многіх дзён, многіх выпрабаванняў.
Сёння Дзень народзінаў беларускай музыкі, стваральніцы гурта «Irdorath» Надзеі Калач. Сёння сумны дзень: роўна год таму Надзею разам з яе мужам, таксама музыкам, Уладзімірам Калачом і іншымі ўдзельнікамі гурта затрымалі на лецішчы падчас святкавання 32-га дня народзінаў Надзеі. Затрымалі ганебна, зладзіўшы цэлы спектакль, якім пасля хваліліся ў прапагандысцкіх каналах.
Сёння Надзея за кратамі.
Рыхтуючыся пісаць гэты тэкст, я пераглядзела кучу матэрыялаў з удзелам гурта «Irdorath», чытала лісты з няволі, шукала малюнкі і фотаздымкі. Я не ведала нікога асабіста з іх, але было даволі лёгка іх пазнаць, бо людзей, якія настолькі жывуць сваёй справай, вельмі мала.
Існуе стэрэатып пра творцаў — яны, маўляў, «не такія». Што маецца на ўвазе пад «такімі», я не ведаю, але дакладна магу сказаць: музыка для Надзеі — гэта ўвесь яе свет. Свет, які яна стварае вось ужо больш за дзесяць гадоў, і такая адданасць справе жыцця выклікае захапленне. Звычайна я не люблю пісаць пра справы і дасягненні — мяне цікавяць перш за ўсё самі людзі. Але з таго, што я бачыла і чытала, я магу сказаць: гэта той рэдкі выпадак, калі чалавек і ёсць мастацтва. Таемнае і прыцягальнае, яно заварожвае сваёй глыбінёй і пазачасавасцю: калі вы паслухаеце хаця б адну з песень «Irdorath», паглядзіце хаця б адно відэа, вы зразумееце, пра што я. Наколькі чароўным і заманлівым можа быць беларускі фальклор, настолькі ж чароўнымі і заманлівымі ёсць людзі, якія сёння злучаюць сабою карані і верхавіны, мінулае і будучыню, якія праз музыку расказваюць усяму свету пра нас — якімі мы былі, ёсць і будзем.


Чалавека ад жывёлы адрознівае не толькі ўменне ствараць, глядзець у будучыню і клапаціцца пра памяць. Мы адрозніваемся яшчэ і тым, што ўмеем рабіць выбар, адказваць за гэты выбар, мы ўмеем любіць — не толькі партнёра і ўласных дзяцей, але і такія абстрактныя рэчы, як радзіму. Менавіта за выбар — не рабіць злога, стаяць на баку дабра, сваёй музыкай пракладваць шлях святлу, — Надзея зараз у турме. За рэдкае ўменне натхняць іншых, дарыць ім веру, прымушаць сэрцы разганяць кроў — а значыць, жыць далей, нягледзячы ні на што.


Сёння сэрцы беларусаў і нашых сяброў па ўсім свеце б'юцца за жыццё. Па ўсім свеце людзі, якіх не пакінула абыякавымі музыка «Irdorath», патрабуюць волі для беларускіх музыкаў. Два словы — «Free Irdorath» — аб’ядноўваюць людзей на многіх сусветных пляцоўках, дзе не перастаюць гучаць імёны Надзеі і Уладзіміра Калачоў, Пятра і Юліі Марчанкаў, Антона Шніпа. Па ўсім свеце гучаць песні, якія грымелі ў беларускіх дварах летам 2020 года.


З-за кратаў Надзея дасылае лісты з кранальнымі малюнкамі, і нават у гэтых лістах яна піша пра музыку — пра тое, што яны, жывыя людзі, зараз у няволі, але музыка іх жыве, свабодная музыка, на якую ніколі не начэпіш кайданкі і якую ніколі не кінеш за краты.


Людзей ад жывёл адрознівае вельмі шмат. Нягледзячы на тое, што гэты спіс будзе поўны нядобрых рэчаў — войнаў, рэпрэсій і безлічы спосабаў забіваць адно аднаго, мне хочацца верыць, што мы ўсё яшчэ існуем дзякуючы іншым нашым талентам — напрыклад, таленту быць свабоднымі ва ўмовах, калі гэта немагчыма, таленту быць і заставацца, прабівацца скрозь любыя загароды, гучаць сваім непаўторным рытмам сэрца — найлепшым, што ёсць у нас.
Павіншаваць Надзею з Днём нараджэння і падтрымаць яе лістом, паштоўкай, тэлеграмай можна на гэты адрас: Надзеі Робертаўне Калач, 246035, ВК №4, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.