«Мы вернемся. Слухайце нашую музыку». Што пішуць затрыманыя музыкі гурта «Irdorath»

Лідары фэнтэзі-фольк-гурта «Irdorath» Уладзімір і Надзея Калач напісалі першыя лісты сваякам. Яны перажываюць за сваіх гадаванцаў Мішку і Платву, расказваюць пра шчаслівыя моманты ў турме і просяць слухаць іх музыку, піша «Свабода».

4e3bde6a_6535_4574_a47e_8927ce6a2ef4_w1023_r1_s.webp

2 жніўня 2021 году музыкаў фэнтэзі-фольк-гурта «Irdorath» затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Мінскам. Шасцярых затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ва ўдзеле ў іх» — за выступы падчас масавых пратэставых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 году.

Уладзімір плануе чытаць па-нямецку, чакае лістоў

Уладзімір і Надзея Калачы — муж і жонка. Родная сястра Уладзіміра Валянціна расказала, пра што музыкі напісалі сям’і ў першых лістах з-за кратаў.

Першыя два лісты, якія прыйшлі ад Уладзіміра, датаваныя 15 і 19 жніўня.

«Вова піша, што перажыў сапраўдны шок ад таго, што адбылося, але паціху прывыкае да гэтага новага жыцця», — кажа сястра музыканта.

Доўгі час мужчына вінаваціў сябе ў тым, што сяброў затрымалі на Дні нараджэння жонкі, асабліва хваляваўся за саму Надзею. Адаптавацца да турмы яму дапамаглі сукамернікі: супакойваюць яго і ўсяляк дапамагаюць. Стан здароўя дудара добры.

«Першае, што зрабіў, — напісаў на кубку "Irdorath", і выявілася, што нават у камеры ёсць людзі, якія нас ведаюць і паважаюць, а адзін нават захапляецца тым, што мы робім», — напісаў у лісце Уладзімір.

На «Валадарцы» на музыку найбольшае ўражанне зрабіла першая прагулка: неба, сонца, паветра і некалькі травінак на цэгле. Вязень замовіў кнігі на нямецкай мове ў бібліятэцы і плануе чытаць.

«Калі вялі калідорам, ён бачыў Надзю і Юлю, і Пятра з Антонам (іншыя удзельнікі гурта), здолелі нават сустрэцца позіркамі. Гэта быў самы шчаслівы момант», — пераказвае Валянціна.

Лісты пакуль яму прыходзяць толькі ад маці. Ён вельмі чакае пасланняў з волі.

Надзея: «Абдыміце адно аднаго за нас»

Надзея Калач напісала ліст 22 жніўня. Першае, што кідаецца ў вочы на ім, — гэта партрэт яе мужа Уладзіміра. Жанчына напісала ліст, найперш каб супакоіць сваякоў, што ўсе ўмовы становяцца цярпімымі і яна ў бяспецы.

«Яна вельмі перажывае, што гэтая сітуацыя прынесла вельмі вялікі стрэс нам, нашай вялікай сям’і (у сям’і Калачоў 4 браты і сястра, Уладзімір адзін з іх), бо ведае, якія мы заўжды згуртаваныя, як мы перажываем», — перадае Валянціна.

Надзея піша, што не збіраецца «раскісаць». Кажа, што ў турме добрая бібліятэка, плануе чытаць. Лістоў яна пакуль не атрымлівала, таму вельмі іх чакае.

Сужэнцы хвалююцца за сваіх гадаванцаў — сабаку Мішку і котку Платву, якіх цяпер глядзяць сваякі. Дзяцей у сям’і пакуль няма.

«Што б ні здарылася, у будучыні мы вернемся. І нашая любоў адно да аднаго, да вас, да мастацтва, да нашых хлопцаў, да сяброў, да жыцця нікуды не падзенецца. Абдыміце адно аднаго за нас. Ну, і слухайце часам нашую музыку, хай яна жыве звонку», — напісала Надзея.

2 жніўня 2021 году музыкаў фэнтэзі-фольк-гурта «Irdorath» затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Мінскам з удзелам узброеных байцоў САХР і міліцыі Мінскай вобласці. Там святкавалі Дзень нараджэння ўдзельніцы гурта «Irdorath» Надзеі Калач. Сілавікі скарысталі дрон, каб зняць захоп. На відэа ў музыкаў на целе відаць сляды збіцця.

Чатырох чалавек, затрыманых на лецішчы разам з музыкамі, аштрафавалі ў судзе Мінскага раёна на сумы ад 870 да 1160 рублёў і адпусцілі.

Шасцярых затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ва ўдзеле ў іх».

Іх пераследуюць за выступы падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года. Прэс-служба МУС паведаміла, што «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калону пратэстоўцаў», чым «залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце грамадзян».

«Irdorath» — папулярны ў Беларусі і ў іншых еўрапейскіх краінах гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструментам мае ўнікальнае гучанне. Яго заснавалі гродзенцы Уладзімір і Надзея Калач у 2009 годзе.