«Я рэагавала на несправядлівасць». За каментар пра пракурорку Касьянчык мінчанцы далі два гады «хатняй хіміі»

У судзе Першамайскага раёна разгледзелі чарговую крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Аліны Касьянчык. 

kas_janchyk_90.jpeg

31 жніўня суддзя Анастасія Ляйкоўская асудзіла 43-гадовую бухгалтарку Юлію Кукса на два гады «хатняй хіміі» за абразлівы каментар у дачыненні да Касьянчык у тэлеграм-чаце «Партызаны» пад паведамленнем пра суд за надпіс «Не забудем! Не простим!» на «Пушкінскай». 

Абвінавачаная растлумачыла, што пакінула каментар, бо была абураная такім строгім прысудам. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Суднік, паведамляе «Вясна».

Паводле версіі абвінавачання, 19 снежня 2020 года з 16:00 да 17:00 Юлія Кукса, знаходзячыся ў Першамайскім раёне Мінска і маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады, выставіла Касьянчык у вачах грамадскасці ў зневажальным становішчы, пакінула абразлівы каментар у тэлеграм-чаце «Партызаны». Паведамленне было пакінутае пад допісам з асабістымі звесткамі Аліны Касьянчык і інфармацыяй пра суд за надпіс «Не забудем! Не простим!».

На судзе 43-летняя Юлія Кукса прызнала віну і раскаялася.

Паводле Юліі, у снежні яе цікавіла ўся інфармацыя па судах за надпіс «Не забудем! Не простим!». Яна патлумачыла, што пакінула каментар, бо была абураная прысудам за такі надпіс на «Пушкінскай», лічыць, што «два гады калоніі — завялікае пакаранне за такі ўчынак».

«Я сачыла за падзеямі ў краіне і рэагавала на тое, што было несправядлівым».

Праз месяц выдаліла каментар, бо зразумела, што «гэта няправільна, змагацца трэба іншымі спосабамі».

Юлію затрымалі 14 красавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа, калі яна ішла на працу.

Пацярпелая Касьянчык задавала шмат пытанняў падчас працэсу: чаму Юлія Кукса раней не папрасіла прабачэння, а толькі на судзе; чаму, не маючы адпаведнай адукацыі, яна вырашыла, што гэта вялікае пакаранне. Каментар сама Касьянчык не бачыла да таго, пакуль яго не паказаў следчы, палічыла яго абразлівым і не разумее, як жанчына, якая аднагодка яе бацькоў, магла так напісаць. На судзе яна заявіла, што не лічыць, што Кукса раскаялася, бо прабачэння тая папрасіла проста фармальна. Былі нанесеныя маральныя пакуты, падрыў яе аўтарытэту і падрыў аўтарытэту ўсёй сістэмы, але грамадзянскі пазоў Касьянчык вырашыла не падаваць. Яна папрасіла пракурорку пры прызначэнні пакарання не пазбаўляць Кукса волі і не ізаляваць яе ад грамадства.

Абвінавачаная на судзе сказала, што наведвала ўсе маршы і засталася прыхільніцай Віктара Бабарыкі.

Пракурорка Суднік запатрабавала для мінчанкі два гады «хатняй хіміі». Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Ляйкоўская. Таксама ў Юліі Кукса канфіскавалі тэлефон.