Глыбоцкую журналістку аштрафавалі за відэасюжэт, хаця яна рабіла аўдыяінтэрв'ю

Суд Глыбоцкага раёна аштрафаваў журналістку-фрылансера Таццяну Смоткіну на 870 рублёў (30 базавых велічынь) Яе прызналі вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на baj.by.

Таццяна Смоткіна

Таццяна Смоткіна


Падставай для адміністрацыйнага пераследу стала аўдыяінтэрв'ю для «Беларускага Радыё Рацыя» з глыбоцкім фітнес-трэнерам і грамадскім актывістам Аляксандрам Шарабайкам.
Суд над журналісткай прайшоў у яе адсутнасць, бо цяпер яна ў адпачынку за мяжой. Не выклікалі на суд і Аляксандра Шарабайку, які праходзіў сведкам па гэтай справе.
Смоткіна папрасіла даслаць ёй матывіровачную частку пастановы суда па электроннай пошце. 30 жніўня яна атрымала дакумент і моцна здзівілася.
«Складваецца ўражанне, што пастановы выпісваюць як пад капірку. Тут паведамляецца, што я быццам бы вырабіла відэасюжэт. Але я не раблю відэасюжэты — толькі аўдыяінтэрв'ю, то-бок запісваю людзей на дыктафон, а не на відэакамеру», — кажа журналістка.
Таксама ў пастанове было напісана, што Смоткіна не аспрэчвае абставіны правапарушэння і быццам бы засведчыла гэта ўласным подпісам. Журналістка заяўляе, што мае копію пратакола, дзе яна ўласнаручна напісала, што ніякіх законаў не парушала і віну не прызнае.
Рашэнне Глыбоцкага раённага суда яна плануе абскарджваць у вышэйшай інстанцыі.