Паўла Вінаградава перавялі ў калонію, дзе трымаюць вязняў з актыўнай формай сухотаў
Грамадскі актывіст і палітвязень Павел Вінаградаў, відаць, захварэў у турме на сухоты.
Палітвязень Павел Вінаградаў, у якога яшчэ ў ліпені на рэнтгене выявілася пляма ў лёгкіх, прайшоў у калоніі курс антыбіётыкаў. Дактары спадзяваліся, што магчыма, гэта пнеўманія. Аднак сітуацыя, відаць, не палепшылася, антыбіётыкі не дапамаглі, паведамляюць праваабаронцы.
Сёння, 3 жніўня, стала вядома, што 28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую Папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
Таксама паведамляецца, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон днём — зараз палітвязень афіцыйна прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму».
Нагадаем, 16 сакавіка 2022 года Паўла Вінаградава асудзілі да 5 гадоў калоніі. Яму вылучылі абвіначванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці» (арт. 130), «паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 367), «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342).