Хронікі пераследу ў Беларусі за 3 жніўня
Расказваем, што адбылося сёння ў палітычным жыцці краіны.
Стала вядомая дата першага судовага пасяджэння па справе палітзняволенага Дзяніса Івашына. Суд над журналістам пачнецца 15 жніўня.
Палітзняволенай журналістцы Ірыне Слаўнікавайпрысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Мікалай Доля прысудзіў Ірыне на год больш, чым запытваў пракурор.
Грамадскі актывіст Павел Вінаградаў, верагодна, захварэў у турме на сухоты. Палітвязня перавялі ў спецыялізаваную калонію. У ліпені ў Паўла выявілі пляму на лёгкім, курс антыбіётыкаў паляпшэння не прынёс.
Навіны з судовага працэсу па справе «аб захопе дзяржаўнай улады»: стала вядома, што юрыст Юрась Зянковічпайшоў на здзелку са следствам, даў прызнальныя паказанні і «выкрыў іншых удзельнікаў змовы». Нагадаем, з пяцярых фігурантаў справы сваю віну ні па адным пункце абвінавачання не прызнаў толькі кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Астатнія прызналі сябе вінаватамі, іх паказанні зачытваліся ў судзе.
Сёння ў Гродне скончылі разгляд справы палітзняволенага музыкі Юрыя Грыгера. Яго абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады». Суддзя Руслан Гурын зняў абвінавачанні, і палітвязня выпусцілі ў зале суду.
Палітзняволеная Алена Гнаук, якую неаднаразова затрымлівалі і змяшчалі за краты, ужо месяц знаходзіцца ў карцары. У чэрвені жанчыне прысудзілі тры з паловай гады калоніі — і, відаць, адразу ж змясцілі яе ў карцар.
У Мінску затрымалі дырэктарку турыстычнай фірмы «Віяпаль» Галіну Патаеву. Па яе прыйшлі пасля фактычнага даносу праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая апублікавала падборку скрыншотаў са старонкі Патаевай, дзе былі бчб-сцягі, і заклікала ГУБАЗіК «разабрацца».
70-гадовага жыхара Нясвіжа Васіля Дземідовіча абвінавачваюць у «60 фактах злачыннай дзейнасці» па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Мужчына прызнаў сваю віну. Па сукупнасці артыкулаў яму пагражае вялікі турэмны тэрмін.
Сілавікі зладзілі аблаву ў Пінску. Паводле даных праваабаронцаў, затрыманыя як менш пяць чалавек, сярод якіх — актывісты Алесь Рамановіч і Дзяніс Сядых.
Папаўненне ў спісе «экстрэмістаў»: у Беларусі «экстрэмісцкімі» прызнаныя Youtube-канал «Нашай Нівы» і сацсеткі ўкраінскага палітычнага дзеяча Аляксея Арэстовіча.