Уладзімір Цэслер: Першая рэформа пасля змены рэжыму павінна скасаваць Мінкульт

Вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер, які вымушаны быў з'ехаць з Беларусі, расказвае пра тое, якім ён бачыць цяперашні рэжым і што павінна змяніцца пасля яго знікнення.

1598089422_39ac07915217fc7e97e00c563f9d4de2.jpg


— Кожны горад асацыюецца з нейкім будынкам, як, напрыклад, Масква — гэта Крэмль. І я думаў: а Мінск — гэта што? І не знаходзіў якіх-небудзь значных будынкаў,цытуе вядомага дызайнера «Салідарнасць». — І раптам у нейкі момант я зразумеў, што гэта — бібліятэка. Няхай будынак зусім дурны, але ён стане нейкім сімвалам. Аднак пасля яго ў Мінску з'явілася настолькі жахлівая архітэктура, што бібліятэка ўжо не так страшная стала.
Ёсць яшчэ сёе-што прыкметнае. Дзяржаўныя святы сталі падзеямі, з якіх трэба бегчы. З Мінска людзі імкнуцца раз'ехацца ў нейкія ціхія месцы, на лецішчы, у вёскі. Ва ўсе гэтыя «дні незалежнасці» мінчукі проста спалохана пакідаюць горад, каб з'ехаць ад гэтага кашмару.
Цэслер з пункту гледжання дызайнера ацаніў дзяржаўны сцяг:
— У мяне ёсць пытанні да арнаменту, які чамусьці з гарызантальнага ператварыўся ў вертыкальны. Так не робяць арнаменты. Што азначае яго вертыкаль, зусім незразумела. І потым, многія ведаюць, што гэты арнамент у Беларусі з'яўляецца пахавальным і ў праваслаўі яго кладуць на лоб нябожчыка. Незразумела, чаму яго абралі.
Глядзіце, Лукашэнка ж і пры бел-чырвона-белым сцягу таксама існаваў. Мабыць, у яго нічога не атрымлівалася, і ён падумаў, што вінаваты сцяг.
У плане стаўлення да культуры мастак не бачыць адрозненняў паміж сучаснай Беларуссю і Савецкім Саюзам.
— Пры «саўку» і цяпер я не бачу розніцы ў цэнзуры. Таталітарны рэжым наогул можа толькі на некім паразітаваць, але нічога ствараць яны не могуць. Гэта нават ненатуральна.
А ў Міністэрства культуры заўсёды адпраўлялі нейкіх непатрэбных людзей. І ад гэтых чыноўнікаў заўсёды патрабавалі, каб нічога не адбывалася. Яны гэта ведалі і стараліся выконваць.
Таму першая рэформа, якая адбудзецца пасля змены рэжыму, павінна скасаваць Міністэрства культуры назаўсёды, каб ніколі больш не было. Наогул, вельмі шмат міністэрстваў не патрэбныя зусім. І такі апарат чыноўнікаў не патрэбны. Я не думаў, што ён такі велізарны! А іх трэба ўсяго некалькі чалавек. Зразумела, што для іх улада — адзіная магчымасць выжыць. Калі яе не будзе, чым яны будуць карміцца? — кажа Цэслер.
Ён лічыць, што ў 2020 годзе беларусы змаглі пераламаць сітуацыю ў сваю карысць.
— Тое, што адбылося, гэта і ёсць перамога. Улада, вядома, гэта разумее, таму так люта помсціць. Пераможца ж звычайна аб'яўляе пра амністыю, а гэты помсціць усім, нават тым, хто наогул ні ў чым не ўдзельнічаў.
Значыць, ён не адчувае, што перамог, і помсціць толькі таму, што не адчувае гэтага. Так, наша перамога пакуль яшчэ не вельмі бачная, але яна ёсць, яна адбылася, і ўжо па-іншаму не будзе. Альбо не будзе жыцця, альбо не будзе перамогі, — упэўнены Уладзімір Цэслер.