Беларускі крызіс 2020-га стаў чыннікам, які і прывёў да вайны?

«Калі б у жніўні 2020-га нічога ў Беларусі не адбылося, то мо і вайны не было б», — разважае эксперт Фонду Карнэгі

marsz_adzinstva_6__8__logo_1.jpg

Экспэрт Фонду Карнэгі Максім Самарукаў на «Св*бодзе» нагадвае пра пазыцыю Масквы ў жніўні 2020-га, заяўляе, што беларускі крызіс стварыў стымулы для Крамля давесьці справу да вайны супраць Украіны, і адказвае на пытаньне, ці можа Лукашэнка «пераабуцца» ў паветры.

Першыя месяцы пасьля жніўня значная частка расейскага апарату думала пра тое, як зрабіць постлукашэнкаўскі пераход. Масква мела на мэце правесьці такія «зьмены» ў Беларусі, каб усё засталося, як ёсьць.

Цяпер, калі Масква скажа: «Давай, уводзь войскі», то якая прастора для манэўру ёсьць у Лукашэнкі? Лукашэнка не настолькі наіўны, каб лішні раз раздражняць Крэмль бязь нейкіх жалезабэтонных гарантыяў, што яго абароняць.

— У Беларусі напярэдадні другой гадавіны падзеяў жніўня 2020 году з новай сілай разгараюцца дыскусіі наконт таго, што адбылося і што магло пайсьці па-іншаму. Парадаксальна, але некаторыя даволі неадназначна ацэньваюць пазыцыю Расеі ў жніўні 2020-га. Быццам бы афіцыйна было ўсё зразумела, Пуцін адразу прызнаў «перамогу» Лукашэнкі, потым абяцаў прыслаць Нацыянальную гвардыю абараняць менскі рэжым. Аднак распаўсюджаная думка, што Расея першыя дні вагалася. Ці мае гэтае вэрсія права на існаваньне?


— Часткова — так. Вядома, Расея безагаворачна падтрымлівала «перамогу» Лукашэнкі, але ёсьць нюансы. Першыя тыдні Масква (прынамсі, паводле заяваў афіцыйных асобаў) выказвала думку, што рэжым Лукашэнкі трэба рэфармаваць. Крызіс паказаў, што старая мадэль больш не працуе. І калі Крэмль ня хоча, каб у Беларусі дайшло да ўкраінскага сцэнару, то трэба прэвэнтыўна пачаць нейкія рэформы.

Заявы з Масквы пра тое, што ў Беларусі трэба праводзіць грамадзянскі дыялёг, што патрэбна канстытуцыйная рэформа, мы тады чулі не ад расейскіх апазыцыянэраў, а ад міністра замежных справаў Лаўрова, прэсавага сакратара Пуціна Пяскова ды іншых. Першыя месяцы пасьля жніўня значная частка расейскага апарату думала пра тое, як разрульваць беларускі крызіс, як зрабіць постлукашэнкаўскі пераход. Пераход, які, з аднаго боку, умацуе расейскі ўплыў у Беларусі, а з другога боку, ня будзе нараджаць тыя праблемы, які генэруе Лукашэнка.

Канчатковая адмова ад спробаў навязаць Лукашэнку нейкія рэформы адбылася толькі недзе вясной 2021 года. Яго перасталі прымушаць да нейкіх крокаў і саступак. Памятаеце, ён езьдзіў у турму да зьняволеных апазыцыянэраў? Мяркую, ня ён сам гэта прыдумаў, яўна «папрасілі» з Масквы.


— У Беларусі хапае людзей, якія называюць і Бабарыку, і Цапкалу, ды і Ціханоўскага вылучэнцамі Масквы, маўляў, Крэмль меў у дачыненьні да іх свой сцэнар. Як вам бачыцца гэтая вэрсія?

— Я ня думаю, што яны былі прарасейскімі, крамлёўскімі кандыдатамі. Я не выключаю, што нехта зь іх мог атрымліваць фінансаваньне ад расейскіх алігархаў, зацікаўленых у падрыве рэжыму Лукашэнкі, каб гэты рэжым быў значна больш згаворлівым. Альбо нават для таго, каб справакаваць рэжым на рэпрэсіі і сапсаваць адносіны Лукашэнкі з Захадам.

Увогуле, мне ня думаецца, што гэтыя альтэрнатыўныя кандыдаты мелі нейкую вялікую суб’ектнасьць у гэтым працэсе. Маўляў, калі б яны зрабілі нешта па-іншаму, то ўсё і пайшло б па-іншаму. Таму гаварыць пра нейкія іхныя катастрафічныя памылкі, якія нібыта ўсё сапсавалі, проста няслушна. Немагчыма разьбіць сьцяну галавой. Крэмль падтрымаў бы Лукашэнку ў любым выпадку.

— Але ж вы раней сказалі, што Масква першыя месяцы пасьля жніўня ціснула на Лукашэнка і прасоўвала пэўныя зьмены? То-бок яны былі патрэбныя Крамлю не для таго, каб замяніць Лукашэнку, а толькі для таго, каб прэсінгаваць яго, аслабіць яго?

— І гэта таксама. Але найперш быў на мэце наступны варыянт: правесьці такія зьмены, каб усё засталося, як ёсьць. Так рэфармаваць беларускую палітычную сыстэму, каб захаваць прывязку Беларусі да Расеі. Бо стала зразумела, што крызіс глыбокі і Лукашэнка яму не дае рады.

— Людзям уласьціва тлумачыць мінулыя падзеі з улікам цяперашніх рэаліяў. Шмат хто сёньня гаворыць, што пра магчымы напад на Ўкраіну Пуцін думаў ужо тады, у 2020-м. І ён нібыта паставіў Лукашэнку перад фактам: «Мы цябе падтрымаем супраць рэвалюцыі, але ты будзеш браць удзел у агрэсіі супраць Украіны». Наколькі гэта здаецца вам рэалістычным?

— Нефармальна, я думаю, прыблізна так і было. Лукашэнку сказалі, што расейская падтрымка не за проста так — давядзецца выконваць свой «саюзны» абавязак. Мне здаецца несумненным, што беларускі крызіс стаў адным з чыньнікаў, які і прывёў да цяперашняй вайны. Калі б у жніўні 2020-га нічога ў Беларусі не адбылося, то мо і вайны не было б.

Бо, з аднаго боку, пратэсты былі ўспрыняты Крамлём і асабіста Пуціным як яшчэ адзін сыгнал, што «Захад не пакідае нас у спакоі», спрабуе адваяваць у нас усё новыя краіны. З другога боку, узрастаньне залежнасьці Лукашэнкі ад Крамля пасьля 2020-га адкрывала Расеі новыя магчымасьці ў ваенна-стратэгічным сэнсе. Калі б Крэмль ня меў магчымасьці пачаць наступ зь беларускай тэрыторыі, так блізка ад Кіева, — невядома, ці наважыўся б Крэмль на такую маштабную апэрацыю, на спробу захопу ўсёй Украіны. Беларускі крызіс стварыў стымулы для Крамля давесьці справу да вайны супраць Украіны.

— Ад пачатку вайны абмяркоўваецца пытаньне, ці ўступяць беларускія войскі ў актыўныя баявыя дзеяньні. Пакуль Лукашэнку атрымліваецца адкруціцца. Ці атрымаецца і далей? Калі Крэмль скажа «трэба», што Менску застанецца рабіць?

— Адказваючы на пытаньні пра расейскую палітыку, цяпер трэба рабіць пэўныя агаворкі. З рацыянальнага гледзішча гэта Расеі асабліва і не патрэбна. Беларускае войска маленькае, не мадэрнізаванае, і вялікага толку ад яго ўдзелу ў вайне ня будзе. А вось праблемаў унутры Беларусі такі прамы ўдзел можа стварыць нямала. І крызіс 2020 году, які быў толькі загнаны пад дыван, можа рэзка абвастрыцца і зноў выплюхнуцца на паверхню.

Аднак гэта рацыянальныя развагі. Але, як мы назіраем апошнія месяцы, рацыянальнасьць не зьяўляецца крытэрыем у замежнапалітычных рашэньнях Крамля. Цяпер у беларускага рэжыму засталося крытычна мала магчымасьцяў супраціўляцца крамлёўскаму ціску. І калі Масква скажа: «Давай, уводзь войскі» — то якая прастора для манэўру ёсьць у Лукашэнкі? Пакуль, аднак, нічога не паказвае на тое, што сытуацыя ідзе ў бок удзелу беларускага войска ў вайне.

— Сам Лукашэнка разумее, што для яго ўдзел беларускага войска ў вайне — гэта катастрофа і ў замежнай, і ва ўнутранай палітыцы. Але Крэмль гэты аргумэнт ужо не цікавіць?

— Я думаю, яшчэ цікавіць, але ён ужо не зьяўляецца абсалютным. Перад пачаткам вайны былі выказаныя аргумэнты супраць самымі высокімі прадстаўнікамі расейскай палітычнай эліты, але Пуцін ня стаў іх слухаць. У пэўнай сытуацыі нават самыя лягічныя аргумэнты могуць быць праігнараваныя.

— Ці можа Лукашэнка здрадзіць Пуціну? Ня ў момант, калі ўсім ужо будзе ўсё зразумела, а раней? Лукашэнка і цяпер нейкія рухі дэманструе: то па-беларуску загаворыць, то ВКЛ праслаўляе. Але, здаецца, ніхто на гэта ўжо не рэагуе. У менскага кіраўніка ўжо няма шанца «пераабуцца»?

— Я думаю, ня так шмат залежыць ад самога Лукашэнкі, а найперш ад попыту на гэтую «здраду». Бо бессэнсоўна «здраджваць» у нікуды, ні за што. Трэба, каб была нейкая краіна, зацікаўленая ў зьмене замежнай палітыкі Беларусі. І мне здаецца, што пакуль няма ніякага попыту з боку Захаду на такі манэўр. Ня думаю, што Лукашэнка настолькі наіўны, каб лішні раз раздражняць Крэмль бязь нейкіх жалезабэтонных гарантыяў, што яго абароняць.

Пакуль ён дзейнічае не праз манэўраваньне, а наадварот, спрабуючы «задушыць Крэмль у абдымках», спрабуючы пераканаць Маскву, што на беларускім кірунку ў Расеі ўсё цудоўна і хвалявацца няма чаго.

Захаваны правапіс арыгіналу