Дудар Дзяніс Шматко: Чаму мы не перамаглі ў 2020-м?

Дудар Дзяніс Шматко пра затрыманне ў 2020-м, размовы з сілавікамі, «суд» і жыццё ў эміграцыі

jt2k075bih333pdybzwfcptos8hliz8i.jpg

Дудара Дзяніса Шматко затрымалі пасля выбараў і выпусцілі на трэція суткі. Музыка заставаўся ў Беларусі да жніўня 2021 года, пакуль не прыйшлі па яго сяброў з гурта Irdorath. Цяпер ён жыве ў Варшаве, грае ў пяці музычных праектах. budzma.org запісала яго расповед. 

Справа — Дзяніс Шматко

Справа — Дзяніс Шматко

Затрыманне

У першы дзень пасля выбараў мы паглядзелі, што адбываецца ў краіне, а на другі дзень вырашылі, што трэба з гэтым нешта рабіць. Разумелі, што адбываецца проста жах. Увечары 10 жніўня у мяне ў заплечніку былі медыкаменты: бінты, абязбольваючыя... Мы ішлі людзям дапамагаць. Бачылі, што хуткія не спраўляюцца. Мая маці была медыкам, я ў гэтым крыху разбіраюся. У сяброўкі былі бутэлькі з вадой і жаночыя тампоны на выпадак, калі дзіркі ад куль затыкаць трэба будзе. Вельмі дзейная рэч на самай справе. А ў трэцяга хлопца былі рэспіратары на выпадак, калі будуць газ пускаць.

Рухаліся па вуліцы Леніна і трошкі не дайшлі да скрыжавання з вуліцай Кірава. Леніна, 28. Нас бус падрэзаў. Мы кіраваліся ў бок акцыі. Да Стэлы заставалася яшчэ нармальна так. Мой сябра спрабаваў уцячы, я таксама, але зрабіў два крокі — і мне паклаў руку на плячо «зялёны чалавечак». Не ведаю, амапавец ён, ці не амапавец... Сябра таксама дагналі, з ног збілі, пасадзілі ў машыну. Сяброўка мая казала: «Вазьміце мяне таксама, аднаго не адпушчу». А мы наадварот угаворвалі, каб яе не бралі. Угаварылі, яна пайшла ў іншы бок. Ну і ўсё, нас павезлі. Павезлі да аўтазака. Пытаюцца:

— Што ў заплечніку?

Я кажу:

— Медыкаменты.

— Усё, наш, наш.

Але ў машыне не білі. Кажуць:

— О, класныя берцы ў цябе! Дзе купіў?

— Ну, там-та-там-та.

— Эх, нам бы такія!

Прывезлі да аўтазака, абшукалі. Забралі мабілку, ключы, заплечнік, усё-ўсё-ўсё. Але пакінулі на руцэ бранзалет-фітнес-трэкер і hands free на вуху. Сяджу ў аўтазаку, у заднім стакане, з хлопцамі ўтрох сядзім. І чую, мабілка нейкая звоніць. Я такі: раз, маё! Hands free зняў, з кумам размаўляю з аўтазака: ціпа, «Здарова, як справы? Скажы маім, што ўсё нармальна».

РАУС

Прывезлі ў РАУС, там размеркаванне. Цікава, што адна справа, як сябе паводзілі амапаўцы, а іншая — як супрацоўнікі РАУС: «Ноги шире! ... Пожалуйста», — гэта цытата. Я быў у шоку. Там абшукалі, спіс рэчаў... А потым стаіш, рукі за спінай, літарай Г сагнуты, галавой упёршыся ў плот металічны. І атрымліваецца, што між намі і плотам яшчэ ляжаў маток калючага дроту. То-бок калі ты стаміўся і будзеш падаць, то на калючы дрот. Таму стаіш да апошняга там. Ну і ўсё, хадзіў ззаду яшчэ начальнік нейкі, такім басавітым голасам казаў: «Вам усім капец, рэвалюцыянеры хе**авы! Мы вам зараз пакажам!». І яшчэ па спінах надаваў, каб галава была не вышэй за плечы, так трэба стаяць.

Такім чынам стаялі некаторы час, потым нібыта вады прынеслі, двухлітровую бутэльку на 90 чалавек, і ўсім проста па чарзе пускалі. Там ужо кавід, не кавід... Ну і стаялі. Яны нам там распавядалі, калі паглядзім ім у твар — будуць расстрэльваць, калі яшчэ там нешта вырашым зрабіць — будуць расстрэльваць... Ну, я разумею, была мэта максімальна запужаць, таму што нас там 90, а іх там было 10. Пры вялікім жаданні мы б іх там па сценачцы роўным слоем размазалі.

Стаялі мы там, стаялі, а потым нас пагналі па чарзе пратаколы падпісваць. Пратакол адзін на ўсіх. Па тыпе там а восьмай вечара на Машэрава затрымалі. Я кажу:

— Дык мяне ўзялі ў 19.16 на вуліцы Леніна.

— І што?

— Тут няпраўда напісаная, я не буду гэта падпісваць.

— Ты па ходу п**ды хочаш.

Ну, і я разумею, што я зараз не падпішу — і мне могуць што-небудзь зламаць. Усё роўна не падпісваю, я там нейкіх каракулей-маракулей намаляваў, па тыпе распісаўся. 

Дзяніс Шматко выступае на танцавальнай вечарыне ў Варшаве

Дзяніс Шматко выступае на танцавальнай вечарыне ў Варшаве

Былі і страшныя моманты, калі думалася: добра, што тут стаіш, а не ходзіш па вуліцы. Чуліся стрэлы. Потым недзе ў сярэдзіне ночы прыехалі яшчэ аўтазакі і прывезлі хлопцаў. Пазней распавядалі, што гэта з Пушкінскай, каго з барыкадаў знялі. Мы не бачылі, што адбывалася на ўездзе, але чулі: іх лупілі, як у апошні раз. Крыкі, пераломы, невядома, што там было. Проста жахліва. Потым усё скончылася, заціхла, іх ці ў РАУС зацягнулі, ці назад у аўтазакі запёрлі, не ведаю. Прыбягае такі амапавец і кажа міліцыянту, які нас ахоўваў:

— Дай пару-тройку человек, там пацаны на адренолине, в**ать надо! Мы сейчас влупим, пацаны разгрузятся — и будет нормально, дальше пойдём работать.

А той яго паслаў. Ну, той і пайшоў.

Такім чынам да раніцы і стаялі. Там ужо дазволілі і роўна пастаяць, і пасядзець. Ужо 12 гадзін прайшло, міліцыянты давай тэлефанаваць свайму начальству: «Дык а што з імі рабіць? Тут усё ж людзі стаяць, без вады, без ежы...» Спачатку хацелі ўсіх адпусціць. І з нейкага РАУСа нават адпусцілі, склаўшы пратаколы. А потым стала вядома пра падзеі на Пушкінскай, што выкарыстоўвалі піратэхніку, і СК даў загад усіх «рассяліць» па турмах.

Пад раніцу ўжо і міліцыянты расслабіліся, зразумелі, што мы буяніць не будзем. Яны стаміліся, мы стаміліся. Нехта ўжо і спаць умудраўся неяк там. Стаялі, трындзелі: а куды нас павязуць, а які будзе суд... Завязалася такая размова.... Агулам каля 16–17 гадзін стаялі там ля плота. І ўсе хацелі на Акрэсціна, бо калі адтуль выйдзеш, будзе лёгка дабрацца дадому. А там па ходзе была самая жэсць... 

Дзень Волі 26 сакавіка 2022 г. у Варшаве

Дзень Волі 26 сакавіка 2022 г. у Варшаве

Дарога ў Жодзіна

Каля 11 раніцы прыязджаюць першыя аўтазакі. Першых, каго заводзяць, мабыць, каб напужаць астатніх, б’юць дубінкамі. Мяхі чорныя на галовы апраналі. Крыкі, воплі, усе запужаныя, каб не бунтавалі, у аўтазакі спакойна ішлі.

Потым прыехалі яшчэ аўтазакі. Валасатых асобна, тым, хто самы здаровы — сцяжкі на рукі. Мяне запхалі нават не ў аўтазак, а ў машыну для перавозкі асабістага складу, з дзвюма лаўкамі. А нас не на лаўкі, а між імі на падлогу, на калені, рукі за спінай, тварам у падлогу, у зад машыны. Я сяджу, у мяне рукі за спінай, сцяжка, рукі ўжо зацякаць пачынаюць. Я разумею, што пакуль мы даедзем да Жодзіна, 120 км, — гэта ўсё, рукі сінія, і не факт, што потым пальцы працаваць будуць. А як музыку гэта — проста дупа. З аднаго боку, ты граць не здолееш, а з іншага боку — ты аўтамеханік, таксама рукамі працуеш. І як бы ўсё, без рук — проста ўсё. У аднаго майго знаёмага, які так праехаўся ў кайданках, дасюль не аднавілася ачувальнасць на запясцях.

Нас там былі напхалі ўжо поўную машыну. Апошні транспарт на Жодзіна, а ўсе не ўлазяць. А быў там яшчэ хлопчык-алігафрэн, важыў кілаграм 90. І яму амапавец сказаў скакаць на нас, хто ўжо стаяў на падлозе, зверху. Той стараўся прабірацца асцярожна, каб ні на каго не наступіць, і яго тады падштурхнулі. І ён прыляцеў мне на спіну. Канечне, балюча, але затое сцяжка ў мяне падралася. Ну, я яе і трымаў, каб новую не зацягнулі. Так упакаваліся і паехалі. За дарогу адзін раз ці два мне прыляцела дубінкай. Так правяралі, жывы я ці не.

Даехалі, было шэсць ці сем аўтазакаў у чарзе. АМАПаўцы такія:

— Ладна, пацаны, расслабляйце булкі, сядайце, давайце мы вам сцяжкі разрэжам, вады хочаце папіць?

— Хочам.

— Ну, ладна, піце, толькі шмат не піце, мы вас у прыбіральню не павядзем, тут няма куды.

І мы яшчэ з паўтары гадзіны сядзелі і трындзелі з гэтымі амапаўцамі. Яны казалі, што Тарайкоўскі прынёс гранату. Што ледзь не ў кожнага пратэстоўцы з сабой нажы, шашкі дымавыя, ледзь не зброя. Што яны абараняюць сваю радзіму. Гэта было цікава, бо з намі быў валанцёр ААН, аператар СТВ, ізраільскі салдат. І той давай распавядаць, што такое сапраўдныя тэрарысты. Спачатку было цікава, трындзелі-трындзелі... А потым падумаў: «Не, калі наступным разам атрымаецца паспаць — невядома. Вы трындзіце, а я пасплю». З паўгадзіны паспаў на падлозе аўтазака. 

Выступ з Варшаўскім Вольным Аркестрам

Выступ з Варшаўскім Вольным Аркестрам

Жодзіна і «суд»

Адчыняюцца дзверы, там сабакі брэшуць, вертухаі палкамі махаюць. Ужо самі сабе рукі адбілі, стаміліся. А ты такі, памятаючы, як у РАУСе спачатку казалі «Расстрэльваць будзем», як у аўтазак заганялі, а потым мы з імі сядзелі размаўлялі, ужо разумееш, што зараз троху папужаюць, а потым будзе норм.

Амапаўцы папярэдзілі, як правільна выбягаць з аўтазака, каб менш білі. Ну, мне раз у гэтым «калідоры» па спіне прыляцела — і ўсё. Трусцой праз калідорчык, потым у прагулачны дворык, і там ужо ўсе расслабіліся. Пабылі там да вечара, потым пайшлі нас «рассяляць». Там у іх вельмі шмат калідораў, каб не збягалі. Ты нават калі выбежыш з камеры, будзеш яшчэ тры месяцы блукаць, каб выйсці.

Ідзеш такі напружаны, думаеш, зараз да зэкаў паселяць. І тут у адной з камераў: «Жыве Беларусь!». І цэлы паверх: «Жыве!». Ну, зразумела, усе свае. Адчыняюцца дзверы, там ужо сядзіць 8 чалавек на 8 шконак, і нас 8 туды — шпэньк! Іх усіх узялі 8 жніўня. Нехта назіральнікам на выбарах быў, нехта выпадкова трапіў... Мы ім давай расказваць навіны, пра тое, што Ціханоўская перамагла, што адбылося 9-га... Яны там сядзелі ўсе ў шоку.

На трэція содні пасля затрымання мяне павялі на суд. Суддзя зачытала ўсё па афіцыйным фармуляры:

— Такі-такі, затрыманы там-та там-та, быў-не-быў?

— Ну, — кажу — быў.

— А што ты там рабіў?

— «Жыве Беларусь!» крычаў.

Суддзя адкладае асадку сваю і пытае:

— А чаго ж вы ходзіце туды?

— А мы можам нармальна паразмаўляць?

Яна глядзіць на свайго сакратара, тая выключае дыктафон. І я ёй распавядаю ўсю гісторыю: як нас бралі, што пратакол ліпавы, што там у РАУСе, у аўтазаку, чаму мы ішлі, што я — з медычнымі мэтамі. Яна такая сядзіць — і проста апешыла. Яна такога ніколі не чула, яна мне не верыла 100% і не магла ў гэта паверыць. Гэта было 13 жніўня, тады іх гэта ўражвала моцна. Гэта цяпер ты можаш распавядаць, што катавалі, а яны: «Ай, гэта мы ўжо праходзілі». І яна такая сядзіць і не ведае, што рабіць. 

Татуіроўка Дзяніса

Татуіроўка Дзяніса

А ў нас з гуртом Lity Taler 15 жніўня было запланавана два канцэрты. Даўно нідзе не гралі праз каронавірус, адзіная такая магчымасць. І мне было вельмі балюча, што не траплю туды, бо сяджу. Ну, і я пра канцэрт суддзі таксама распавёў. І яна мне прысудзіла трое содняў (адлічваюцца ад моманту затрымання), я выйшаў гадзіны праз дзве.

Патэлефанаваў сваёй дзяўчыне, кажу:

— Вось файна, яшчэ канцэрт адыграю.

— Які канцэрт, добра, што жывым выйшаў! Паскасоўвалі канцэрты...

А я думаю: «Ну чорт, там з пацанамі ў мафію гулялі, хоць ты назад ідзі». 

Чаму мы не перамаглі ў 2020-м?

Я думаю, беларусы не хацелі гвалтоўнага сцэнару, бо было зашмат супакаяльных фактараў. Напрыклад, Максім Кац распавядаў класныя рэчы, і мы яго так любілі ўсе разам... Але ён узяў нас і проста ўсіх супакоіў: «Ладна, усё будзе нармальна. Усё і так ужо атрымалася. Вы проста будзеце хадзіць — і з гэтага ўсё атрымаецца класна». І ўсе такія: «Да, да, максімальна спакойна».

Мы проста спадзяваліся да канца на тое, што на тым баку ёсць сумленне і ёсць чалавечнасць. І мы стараліся рабіць усё па законе, таму што думалі, што законы працуюць. А зараз разумеем, што не.

Калі зноў нешта адбудзецца, то ўжо не будзе як у 2020-м, таму што шмат людзей прайшло праз катаванні і яны бачаць сапраўдны твар гэтай улады. І ўлада гэта разумее, таму яны цяпер усё так зачышчаюць, усяго баяцца. Таму што наступным разам ні з боку пратэстоўццаў, ні з боку міліцыянтаў ужо не будзе так лаяльна. Жыццё сілавікоў моцна не палепшылася: больш кватэр ім не далі, заробкі не павялічылі. Некаторых пратэстоўцаў, што яны садзілі, пачалі выпускаць. І яны такія сабе думаюць: «А нафіга? І па выніку што ты атрымаў? Запэцканы крывёй, тэчку з кампраматам на сябе і магчымую крыміналку замест абяцанай кватэры, заробку і ўсіх такіх спраў».

Беларусы хацелі ўсё спакойненька, акуратненька і па-чалавечы. Таму што беларусы — гэта нацыя, якая гатовая да еўрапейскага шляху развіцця. І мы ўсе гэта ведаем і бачым.

Ад’езд

Другога жніўня 2021 г. забралі гурт Irdorath. Трэцяга мы з дзяўчынай схадзілі да іх на суд. Музыкаў мы не пабачылі, бо прывезлі толькі тых, у каго адміністратыўная справа. Але даведаліся, што ў Irdorath крыміналка за тое, што гралі на вуліцы. Падумалі: яшчэ трошку — і ў нас можа быць тое ж самае. Мы сабраліся, павінны былі выехаць у той жа вечар. Але затрымаліся, ночылі ўжо не ў сваёй кватэры. І ў наступны вечар ужо паехалі. Кустамі, палямі, лясамі праз Расію. Потым ва Украіну.


 Выступ у варшаўскім старым горадзе

 Выступ у варшаўскім старым горадзе


Жыццё ў Варшаве

У верасні 2021-га прыехалі ў Варшаву, пару месяцаў зараблялі на жыццё, граючы на дудзе ў старым горадзе. У выходныя, два разы на тыдзень па паўтары гадзіны. І ў прынцыпе нам хапала на жытло і ежу. Але вулічныя выступы — гэта ўсё ж спецыфічны від дзейнасці. Я планую вучыцца ІТ-спецыяльнасцям. Часамі яшчэ граю на вуліцы, але ўжо раблю гэта для задавальнення, а не дзеля грошай. На скрайні выпадак заўсёды магу пайсці працаваць аўтамеханікам, але пакуль не хачу.

Зараз мы ў Польшчы, у асноўным зарабляем музыкай. Я ўдзельнічаю ў пяці праектах: Lity Taler, Варшаўскі Вольны Аркестр, Dzieciuki, 23.34 Band, Tyapin Crew. Усюды я граю на дудзе, часам яшчэ спяваю. Lity Taler — гэта першы і асноўны праект, гурт сярэднявечнай музыкі. У аркестры мы выконваем розныя беларускія хіты, аўтарскую музыку. Dzieciuki — панк-рок калектыў, шукалі сабе дудара. Пасля першага канцэрта сказалі: «Давай грай з намі стала, колькі можаш — столькі давай!». Стыль 23.34 Band я б назваў «дваровы «Ляпис Трубецкой»». Песенькі змагарскія. Склад такі: гітары, вакал жаночы і мужчынскі, барабаны, і вось дуда. Ім захацелася дуду. Гэтаму гурту яшчэ месяца няма, але цікава. Мяне натхняе сэнс песень і тое, што я магу імправізаваць. Я рады, што дуда гучыць у новых кірунках.

Пакуль што менш за ўсё я ўдзельнічаў у рэпкор-праекце Tyapin Crew. Я з імі яшчэ не выступаў. Толькі адзін трэк запісалі. Хлопцам так зайшло, што мы з імі яшчэ кліп зрабілі. Яны мяне клікалі ўжо на два канцэрты, але ў мяне не атрымлівалася. У выніку яны карысталіся маёй падложкай: на сцэне мяне няма, але гучыць запіс маёй дуды. 

Выступ з гуртом Dzieciuki на фестывалі «Прадмова» ў Варшаве

Выступ з гуртом Dzieciuki на фестывалі «Прадмова» ў Варшаве

Да кавіду мы з гуртом Lity Taler шмат гастралявалі. Найбольш краін, якія я сам з дудой наведаў за адзін канцэртны сезон — 16, а з гуртом — недзе 10–12. У асноўным краіны бліжняга замежжа. Самыя дальнія — Швейцарыя, Данія, Нідэрланды, Малдова. Сёлета мы былі ў Польшчы, падалі дакументы на міжнародную ахову і не маглі выязджаць. Але ўжо атрымалі праязныя дакументы. Тэарэтычна ўжо можам гастраляваць.

Дадому, канечне, хочацца. І трэба. Яно, канечне, тут смачненька, цікавенька і ўтульненька, але дом ё дом, і па-любому ты хочаш вярнуцца. Пытанне толькі — калі.

Алена Ляшкевіч, budzma.org

Фота аўтаркі