Саша Філіпенка: Барацьба выміраючых відаў і ўсіх людзей, якія іх атачаюць
Люстрацыя і трыбунал патрэбныя. Але важней не пакараць злачынцаў, а зразумець, што можам зрабіць, каб гэта ніколі больш не паўтарылася.
Беларускі пісьменнік разважае пра люстрацыю і супрацьстаянне пакаленняў.
— Калі мы кажам, што павінен здарыцца трыбунал, то для мяне гэта складанае пытанне, — кажа пісьменнік Саша Філіпенка ў праграме «Хадаркоўскі Live». — Не ўсе ведаюць, што чалавек, які прадстаўляў Савецкі Саюз у Нюрнбергскім трыбунале — пракурор Рудэнка. У 1930-я гады ён сам падпісваў пратаколы троек.
Гэты чалавек прама ўдзельнічаў у пазасудовых пакараннях смерцю. Я цвёрда перакананы, што Рудэнка быў у Нюрнбергу, таму што разумеў, як функцыянуе зло. Гэты чалавек выступаў быццам бы з боку дабра, але ён не быў ніколі дабром.
Цяпер у пракуратуры да гэтага часу ёсць «медаль Рудэнкі», якую даюць пракурорам за вялікія выслугі. Медаль чалавека, які асабіста ўдзельнічаў у пазасудовых пакараннях смерцю.
Калі мы кажам, што нам патрэбныя люстрацыі, перада мной кожны раз усплывае гэты прыклад. І я думаю: хто будзе кіраваць гэтымі люстрацыямі, хто будзе гэтымі пракурорамі, якія пачнуць выступаць з боку дабра?
Думаю, нам спатрэбіцца трыбунал. У гэтым сэнсе мяне не вельмі цікавіць пакаранне для асобных персон. Значна цікавей разабрацца, як працавалі механізмы: як стала магчымым тое, што здарылася? Бо ў ланцужку не знаходзіцца адзін чалавек. Мы павінны абмяркоўваць механізмы і разважаць, што можам зрабіць, каб гэта ніколі больш не паўтарылася.
Канкрэтна я магу для гэтага капацца ў архівах, пісаць і казаць пра гэта, падсвятляючы паралелі, якія нікуды не сыходзяць.
Пісьменнік таксама лічыць, што Лукашэнку і Пуціна аб'ядноўвае тое, што яны змагаюцца не з уласнымі народамі, не з дэмакратыяй і не з Захадам:
— Мне здаецца, што і Пуцін, і Лукашэнка змагаюцца з часам. Лукашэнка збіраўся выйграць выбары 2020 года роўна так, як і папярэднія пяць, але раптам у яго не атрымалася. Ён не зразумеў, што адбылося. Не зразумеў, што час змяніўся: хлопцы, якія выраслі ў дыктатуры, усё роўна маглі выбіраць паміж айфонам і Самсунгам, пепсі і колай, а тут яны ўпершыню пайшлі на выбары і ім сказалі: «А тут так не працуе, тут ваш голас не лічыцца».
І мне здаецца, што як толькі старасць пачынае даганяць Пуціна, ён пачынае дзейнічаць як Лукашэнка. Мы бачым, што ўсе краіны прыдумляюць 5-7G, а ў Беларусі і Расіі — як выключыць інтэрнэт.
Гэтыя людзі разварочваюць свае краіны ў мінулае, таму што яны разумеюць, як існаваць у мінулым. Будучыня — не тое месца, у якім яны разумеюць правілы гульні.
Філіпенка таксама дадае: вайна Расіі супраць Украіны — у тым ліку супрацьстаянне пакаленняў. Гэта, безумоўна, не адзіная прычына, але адна з:
— Людзі не разумеюць, што дзяржава можа быць прынцыпова іншай, што прэзідэнт можа быць іншым. Мы цяпер пакідаем за дужкамі характарыстыкі Зяленскі, а гаворым пра тое, што гэта прынцыпова іншы новы палітык, які паводзіць сябе па-іншаму.
Бо не абавязкова быць у гэтым Саўку, дзе ты выступаеш за вялікім сталом, збіраецца вялікая колькасць нікому не патрэбных людзей, якія ў 2022 годзе запісваюць на паперку ручкай твае словы.
У гэтым сэнсе гэта безумоўнае сутыкненне поглядаў: як можна жыць, хто і як можа кіраваць дзяржавай. Гэта барацьба выміраючых відаў і ўсіх людзей, якія іх атачаюць. Людзі, якія атачаюць Пуціна і Лукашэнку, — разумеюць, што ў будучыні ім няма месца.
У будучыні ў Беларусі няма месца такому вялізнага колькасці сілавікоў. Яны патрэбныя толькі для таго, каб падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. Яны разумеюць: калі Лукашэнка сыдзе, ім прыйдзецца шукаць працу, атрымліваць адукацыю, не дай Бог вучыць англійскую.