А ці ёсць у нас столькі? Расія да канца жніўня плануе вывезці з Беларусі 12 тысяч тон боепрыпасаў
Упраўленне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны паведаміла, што Расія пачала вывозіць з Беларусі боепрыпасы ў 1061-ы Цэнтр матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Паўднёвай вайсковай акругі.
![detailed_picture_3.jpg detailed_picture_3.jpg](/img/v1/images/detailed_picture_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Увогуле да канца жніўня запланавана вывезці 12 тысяч тон боепрыпасаў», — адзначаецца ў паведамленні.
Паводле Упраўлення стратэгічных камунікацый, гэта можа сведчыць аб праблемах, якія мае Расія з своечасовай пастаўкай патрэбнай колькасці боепрыпасаў у зону баявых дзеянняў.
«Гэта яшчэ адна нагода сумнявацца ва ўварванні ва Украіну беларускай арміі, якая ў цяперашніх умовах ператварылася яшчэ і ў рэсурсную базу для падмацавання Расіі», — адзначылі ва Узброеных сілах Украіны.
![Камандуючы аб'яднанымі сіламі УСУ Наеў заявіў пра немагчымасць паўторнага прарыву з боку Беларусі Камандуючы аб'яднанымі сіламі УСУ Наеў заявіў пра немагчымасць паўторнага прарыву з боку Беларусі](/img/v1/images/original_60.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Адначасова гэта лічаць і негатыўным момантам, які сведчыць аб тым, што дэфіцыту боепрыпасаў у расійскай арміі няма, а толькі праблемы з іх дастаўкай перадавым падраздзяленням.
Нагадаем, што раней пра вываз боепрыпасаў з Беларусі ў Расію паведамлялі беларускія чыгуначнікі.
У той жа час Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што Узброеныя сілы Беларусі праводзяць праверку баявой гатоўнасці частак сіл спецыяльных аперацый.