На мяжы Беларусі з Украінай неспакойна

Беларускі бок узмацніў ахову мяжы ў прыгранічных Брэсцкай і Гомельскай абласцях, паведамляе ўкраінскі Генштаб. А беларускія спецназаўцы праходзяць праверку баявой гатоўнасці.

Фота Мінабароны Беларусі

Фота Мінабароны Беларусі

Падраздзяленні беларускіх ваенных узмоцнена ахоўваюць ўчастак мяжы з Украінай у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведамляе Генштаб УСУ.

"На Валынскім і Палескім кірунках падраздзяленні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь выконваюць задачы па ўзмацненні аховы ўчастка беларуска-ўкраінскай мяжы ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях", — гаворыцца ў паведамленні.

Да таго ж у частках сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі адзначана правядзенне праверкі баявой гатоўнасці.


Таксама варта згадаць, што Мінабароны Беларусі прадоўжыла ваенныя вучэнні як мінімум да 6 жніўня 2022 года. Гэтыя вучэнні доўжацца ўжо 14 тыдняў і ўвесь час падаўжаюцца.

Украінскі бок лічыць, што беларуская армія стала больш падрыхтаванай для абарончых аперацый, але яна па-ранейшаму не гатовая да маштабных наступальных аперацый з-за адсутнасці рэальнага баявога вопыту.

Як пісаў НЧ, 26 траўня Лукашэнка заявіў пра стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання, накіраванага супраць Украіны. Яно павінна дапоўніць ужо існыя ў беларускіх УС Паўночнае і Паўночна-Заходняе аператыўныя камандаванні.

Паводле УНІАН, АФН