«Мы ў паніцы». У Беларусі ваеннаабавязаных масава выклікаюць у ваенкаматы
У Гомельскай вобласці ў ваенкаматы масава выклікаюць ваеннаабавязаных мужчын і жанчын: кажуць, на вучэнні.

З 22 чэрвеня ў Гомельскай вобласці абвясцілі мабілізацыйныя вучэнні. Масава позвы ў ваенкаматы сталі дасылаць апошнія тры-чатыры дні. Жыхары Гомельшчыны збянтэжаныя і напалоханыя.
Аднаму з тых, з кім здолеў паразмаўляць непажаданы цяпер у Беларусі, а калісці найбуйнейшы інтэрнэт-партал, позву ўручылі прама на працы 28 чэрвеня. І такіх супрацоўнікаў БМЗ у Жлобіне, каму ўручылі позвы, шмат: «Людзей, якія сядзелі дома ў адпачынках за свой кошт або на дзве траціны, выклікалі. Ніхто нічога не казаў, мы ў паніцы».
Паведамленні аб уручэнні позваў прыходзяць з усёй Гомельскай вобласці: Светлагорск, Рэчыца, Мазыр, Жлобін, Ельск, Хойнікі і гэтак далей.
«Маім былым калегам уручылі позвы і нават тым, хто не служыў, — кажа суразмоўца былога партала. — На "Хімвалакне" ў Светлагорску больш 1000 позваў раздалі. Прыходзілі позвы на ЦКК і "Беларуснафта". Таксама медыкі падпісалі паперы аб нявыездзе з краіны».
Тое, што позвы дасылалі нават тым, хто не прыдатны да вайсковай службы, журналістам пацвердзілі яшчэ некалькі чалавек.
Зрэшты, пакуль ва ўсіх, хто прыйшоў у ваенкаматы па позвах, праверылі дакументы, удакладнілі такую-сякую інфармацыю ды праз некалькі гадзін усіх адпусцілі.