Арганізатарку сьвята для ўкраінскіх дзяцей пасадзілі на 7 сутак
27 чэрвеня ў Гомлі мелася прайсьці сьвята для ўкраінскіх дзяцей, якія ўцяклі ад вайны. Але ўдзельнікаў, якія сабраліся ў парку палаца Румянцавых і Паскевічаў, разагнала міліцыя.
29 чэрвеня міліцыя затрымала адну з арганізатарак сьвята, Алу
Караленку. 30 чэрвеня стала вядома, што яе асудзілі на 7 сутак арышту. Артыкул,
паводле якога яе абвінавацілі, невядомы, перадае «Св*бода».
Дзяўчынка Аліса са сваёй бабуляй прыехала ў Гомель,
ратуючыся ад вайны, з Данецкай вобласьці Ўкраіны. 27 чэрвеня ў дзяўчынкі быў
дзень нараджэньня — 9 гадоў. Яна вырашыла зладзіць акцыю — зрабіць на продаж
папяровых «галубоў міру» і такім чынам назьбіраць грошы на падарунак. З
дапамогай мясцовых валянтэраў вырашана было арганізаваць сьвята для ўкраінскіх
дзяцей, якія вымушана жывуць у Гомлі.
Сьвята назвалі «Дзень днёў нараджэньня».
Меркавалася, што ў праграме будуць гульні, конкурсы, сувэніры
і падарункі. Абавязковай умовай было прынесьці з сабой «голуба міру» ці зрабіць
яго разам на сустрэчы.
Але міліцыя «скарэктавала» пляны. Дзіцячае сьвята ўсё-ткі
адбылося — але ў іншым месцы.
Праўладныя тэлеграм-каналы выказаліся, што міліцыя ўмяшалася
ў сьвята, бо баялася «правакацый і палітычных лёзунгаў», а на масавае
мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам.