Беларускае войска стварае «групоўку на адным з тактычных напрамкаў»
У Беларусі працягваецца праверка сіл рэагавання. Ідзе ўжо трэці этап. У яго рамках на адным з тактычных напрамкаў ствараецца групоўка, заявіў начальнік Генштаба Узброеных Сіл Віктар Гулевіч.
«У рамках трэцяга этапу падраздзялення сіл неадкладнага рэагавання завяршылі выкананне задач на аперацыйных кірунках, адпрацоўваюць пытанне па перакідцы на вялікія адлегласці і стварэнне групоўкі на адным з тактычных напрамкаў», — цытуе Гулевіча REFORM.by.
Па словах Гулевіча, адпрацоўваецца пагрузка тэхнікі, яе перакідка сваім ходам, перавозка па чыгунцы, размяшчэнне тэхнікі ў новых раёнах. Падраздзяленні таксама трэніруюцца браць аб'екты пад ахову, выконваць задачы контрдыверсійнай дзейнасці. Адначасова правяраюцца магчымасці транспартнай інфраструктуры краіны па перакідцы падраздзяленняў на вялікія адлегласці.
«Выкананне мерапрыемстваў трэцяга этапу дазволіць нам павысіць узровень падрыхтоўкі камандзіраў і асабовага складу падраздзяленняў да выканання задач на незнаёмай мясцовасці, навыкі кіравання падначаленымі падраздзяленнямі, а таксама будзе спрыяць павышэнню ваеннай бяспекі Рэспублікі Беларусь», — растлумачыў Гулевіч.
На якім менавіта «тактычным напрамку» ствараецца групоўка, а таксама яе колькасць і складнікі — не ўдакладняецца.
Нагадаем, 26 траўня Лукашэнка заявіў пра стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання, накіраванага супраць Украіны. Яно павінна дапоўніць ужо існуючыя ў беларускіх УС Паўночнае і Паўночна-Заходняе аператыўныя камандаванні.
24 лютага Расія напала на Украіну, у тым ліку выкарыстала для гэтага тэрыторыю Беларусі.