Сістэме застаецца толькі ўзмацніць рэпрэсіі: Затрыманыя па «справе Аўтуховіча» заявілі пра пагрозы жыццю і здароўю
Фігуранты "справы Аўтуховіча" заявілі пра пагрозу іх жыццю і здароўю. Пра гэта гаворыцца ў звароце, дасланым на волю.
У перададзеным на волю звароце вязні пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў, паведамляе «Позірк». Зварот падпісалі Уладзімір Гундар, Галіна Дэрбыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер.
«Мы заяўляем аб рэзкім узмацненні фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных па крымінальнай справе № 20125030489 (так званай "Справы групы Аўтуховіча"). Відавочны поўны развал абвінавачвання, і сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі», — гаворыцца ў звароце.
Ва ўмове пагрозы іх жыццям і здароўю падсудныя прынялі рашэнне назваць імёны людзей, якіх яны лічаць вінаватымі. Гэта палкоўнік КДБ Варанецкі А., следчыя Церашонак П., Галавач А., Лаўрэнчук, Герасімовіч; суддзя Філатаў; пракуроры Рабаў, Герасіменка Л., начальнік турмы №1 Казакоў П., намеснік начальніка турмы Станеўскі С., начальнік рэжымнага аддзела Коршунаў.
У распараджэнні BPN ёсць поўны тэкст звароту.