Вядомую амерыканскую баскетбалістку асудзілі ў Расіі на дзевяць гадоў калоніі
Хімкінскі гарадскі суд асудзіў амерыканскую баскетбалістку Брытні Грайнер на дзевяць гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў захоўванні і кантрабандзе наркотыкаў, паведамляе «Інтэрфакс».
Абвінавачванне прасіла прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе дзевяці з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Пасля прысуду Белы дом апублікаваў заяву прэзідэнта ЗША Джо
Байдэна аб тым, што яго адміністрацыя «працягне нястомна працаваць і
выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы» для вызвалення Грайнер і іншага асуджанага
ў РФ амерыканца Пола Уілана. На думку Байдэна, Грайнер была затрыманая ў Расіі незаконна.
Грайнер, якая паспяхова выступала за клубы і ў ЗША, і ў Расіі, была
затрыманая ў аэрапорце Шарамеццева ў лютым 2022 года. У яе багажы, як
сцвярджаецца, быў выяўлены гашышны алей для вейпа.
Расія і ЗША абмяркоўваюць магчымы абмен Грайнер і Пола
Уілана на расійцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў ЗША. Часцей за ўсё ў якасці
кандыдата на абмен называюць асуджанага па абвінавачванні ў кантрабандзе зброі
Віктара Бута. Паводле неафіцыйных звестак, Расія патрабуе ад ЗША ў абмен на
Грайнер і Уілана дваіх чалавек.