«Справа аб змове»: Зянковіч заключыў здзелку са следствам

Працэс па «справе аб змове» працягнуўся 3 жніўня. У справе пяць абвінавачаных: Рыгор Кастусёў, Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. На папярэдніх пасяджэннях Кастусёў не прызнаў віну, Фядута, Галубовіч і Краўчук прызналі, Зянковіч заявіў, што выкажа стаўленне да абвінавачвання пасля таго, як астатнія фігуранты дадуць паказанні.

3fecfbf0_e2c8_4a57_8817_028aeb12b29c.jpg


Падчас сённяшняга пасяджэння Юрый Зянковіч зноў адмовіўся выказаць сваё стаўленне да выстаўленых яму абвінавачанняў у арганізацыі змовы. Ён заявіў суду, што выкажа сваю думку пасля таго, як будуць абвешчаныя матэрыялы справы ў судзе і дапытаныя сведкі. У сувязі з гэтым быў зменены раней зацверджаны план судовага следства і пракурор пачаў зачытваць матэрыялы справы.

З матэрыялаў справы высветлілася, што Зянковіч заключыў са следствам пагадненне аб супрацоўніцтве, даў чыстасардэчныя паказанні і выкрыў іншых удзельнікаў. Пагадненне было падпісанае на ранніх этапах следства. Ён аказаўся адзіным з абвінавачаных, хто пайшоў на здзелку са следствам.

З зачытаных сёння матэрыялаў справы вынікае, што на стадыі папярэдняга расследавання Зянковіч прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Ён прасіў змяніць яму меру стрымання і выпусціць з СІЗА, але атрымаў адмову.

Таксама зранку дапыталі палітзняволенага Дзяніса Краўчука, які ў гэтай справе праходзіць як удзельнік пратэстаў 2020 года. Ён прызнаў віну цалкам. У судзе было зачытана чыстасардэчнае прызнанне, якое Краўчук пісаў у КДБ. У ім ён паведамляе, што перадаваў і хаваў у схованках грошы ад Юрыя Зянковіча, лічачы, што яны пойдуць для дапамогі пратэстоўцам. Краўчук заявіў, што не ўдзельнічаў у змове, хоць і не быў згодны з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Нагадаем, Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Справу расследаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

Фігурантамі справы таксама з'яўляюцца таксама псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.