«Замах» як барацьба за грошы

Безумоўна, адной за самых абмяркоўваемых тэм тыдня стаў «замах» на Лукашэнку, які нібыта арганізоўвалі літаратуразнаўца-пушкініст Аляксандр Фядута, амерыканскі юрыст беларускага паходжання Юрась Зянковіч і адмыслоўца ў сферы ЖКГ і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Добрая кампанія для дзяржаўнага перавароту, праўда?

Будынак КДБ у Мінску. Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Будынак КДБ у Мінску. Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Нестыковак у справе па замаху і захопе ўлады столькі, што нават справа «Белага легіёна» побач не стаяла. Улічваючы, што Фядуту і Зянковіча выкралі ў Маскве, «прыкрыццём» аперацыі выступіла ФСБ. Але, паводле версіі расійскай спецслужбы, «замах» рыхтаваўся на 9 траўня. Паводле беларускай — на чэрвень-ліпень. Ініцыятарам мерапрыемства (пры такім складзе «замах» інакш як мерапрыемствам не назавеш) нібыта выступала ЦРУ. Цікава, там з кадрамі праблема, што абралі «змоўшчыкамі» самых мірных і цывільных людзей?
Уражвае, што арыштаваны Кастусёў — адзіны з апазіцыйных палітыкаў, які, па-першае, хоць на імгненне, але прыняў удзел у праўладным «круглым стале» Васкрасенскага, а, па-другое, падаваў заяўкі на мітынгі, імкнучыся зрабіць іх легальнымі, нават у самых безнадзейных сітуацыях. Напрыклад, на сёлетні Дзень Волі і «Чарнобыльскі шлях».
Можа, недзе ў Мінгарвыканкаме ляжыць заяўка з яго подпісам на «арганізацыю замаху»?
Усе, хто знаёмыя з Зянковічам, гавораць пра яго рознае. І што ён хітравыкручаны, і што ён любіць ствараць вакол сваёй асобы арэол значнасці, і што ён вялікі фантазёр. Аднак ніхто не можа аспрэчыць аднаго: чалавек, які ў ЗША падняўся ад разносчыка піцы да адваката, не можа быць неразумным. Аднак на «запісе ФСБ» Зянковіч з упэўненасцю кажа, што трэба адабраць у Лукашэнкі яго «скарбонку», якая (на поўным сур’ёзе!) знаходзіцца ў яго рэзідэнцыі ў Астрашыцкім гарадку.
Амерыканскі адвакат не ведае, што такое банкаўская картка? Ну і зусім не зразумела, навошта «арганізатару замаху ЦРУ» пушкініст Фядута?
Уся гэтая сітуацыя змусіла ўзгадаць, што «замахаў» на Лукашэнку было ўжо шмат. Знакаміты «стрэл пад Лёзнам». Калі быў забіты старшыня дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Мікалуцкі, Лукашэнка казаў, што гэта было падрыхтоўкай да замаху на яго самога. У 2010 годзе нейкі «былы супрацоўнік расійскіх спецслужб» расказаў, што для ліквідацыі Лукашэнкі створана група адмыслоўцаў, а «замовіў» беларускага кіраўніка… Уладзімір Пуцін! Так, той самы Пуцін, да якога Рыгоравіч лётае гарбату піць.
Як кажуць, «ніколі такога не было — і вось зноў».
Увогуле, усё, што трэба ведаць пра «замах», — гэта тое, што снайперская вінтоўка расійскай кампаніі «Lobaev Arms» б’е на 4 кіламетры.
Для чаго ж спецслужбы выдумалі гэты «замах»? Усё проста: грошы за проста так не плацяць. Яны разлічвалі на «гарачую вясну», але перастараліся ў рэпрэсіях — і масавых акцый у краіне не адбываецца. А таму, напэўна, у некаторых узнікла думка: грошы, што планавалася выдаткаваць на АМАП, можна пусціць на пасяўную. «Сілавікі» былі моцна гэтаму не рады — і «выкрылі змову».
Чаму тады гэтая «змова» выглядае так нягегла? А што яны робяць «гегла»? «Справу Бабарыкі», дзе дывідэнды выстаўляюцца як хабар? «Справу Ціханоўскага», які проста з турмы «рыхтаваў масавыя беспарадкі»? Абвінавачванне ў тэрарызме Святланы Ціханоўскай?
Ці вось такі прыклад: у Карэлічах Следчы камітэт даслаў позву Пякарскай Ганне Раманаўне. Супраць яе бацькі распачатая крымінальная справа за каментары ў тэлеграм-каналах. Падаецца, нічога дзіўнага па сённяшніх часах. Аднак ёсць «але».
Ганне Раманаўне Пякарскай — 8 гадоў. Яна нарадзілася і жыве за мяжой, то-бок не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі. А сам Раман Пякарскі жыве па-за межамі Сінявокай з 2007 года.
Можа, следчыя будуць выпісваць позвы проста ў радзільні? З’явіўся на свет — адразу сведка. А сведка чаго — у СК потым прыдумаюць.
Але наступствы «барацьбы за рэсурсы» не прымусілі сябе чакаць. Арышт грамадзяніна ЗША ў Расіі беларускім КДБ прымусіў Міністэрства фінансаў ЗША на тыдзень раней, чым планавалася, адклікаць генеральную ліцэнзію, што прыпыняла дзеянне санкцый у дачыненні да 9 беларускіх прадпрыемстваў. Мінфін ЗША даў «ахоўны перыяд» у 45 дзён, каб кліенты санкцыйных прадпрыемстваў маглі скончыць з імі ўсе справы. Па заканчэнні гэтага перыяду — з 3 чэрвеня — санкцыі будуць адноўленыя. Яны распаўсюджваюцца на кампаніі «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім» і яе амерыканскі філіял, «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно».
Дарэчы, пасля выкрадання Фядуты і Зянковіча ў Маскве нечакана стала вядома, што 22 красавіка Лукашэнка, насуперак традыцыі, паедзе не ў «чарнобыльскія рэгіёны», як ён рабіў гэта штогод, а ў Маскву на сустрэчу з Пуціным. Думаю, ім будзе пра што паразмаўляць. Напрыклад, пра «падставу» ФСБ і свавольства беларускага КДБ у расійскай сталіцы.
Між тым, грошай больш не становіцца, і ўлада, падаецца, дзейнічае як у старым анекдоце пра алкаголіка і падаражанне гарэлкі: «Тата, ты цяпер будзеш менш піць? — Не, сынок, ты будзеш менш есці!» Як сведчыць статыстыка, рознічны таваразварот у першым квартале гэтага года ўпаў на 4,5%. Пры гэтым таваразварот па харчовых прадуктах, напоях і тытунёвых вырабах знізіўся за гэты перыяд на 0,6%, а нехарчовых тавараў — на 8%. Падзенне рознічнага таваразвароту адбываецца на фоне зніжэння сярэдніх заробкаў (за два першыя месяцы гэтага года яны ўпалі на 197,5 рубля) і разагнанай да 8,5% гадавой інфляцыі.
Гэта азначае, што беларусы, заціснутыя інфляцыяй, ростам цэн і падзеннем заробкаў, сапраўды сталі «менш есці» — менш набываюць тавараў у крамах. А значыць — проста збяднелі.
А адкуль узяцца грошам пры такой палітыцы? Мы ж пасварыліся з усім светам — і, адпаведна, грошай узяць няма адкуль. Вось, напрыклад, чатыры загалоўкі запар з фінансавага партала banki24.by: «Беларускія аграрыі пабілі гістарычны рэкорд па даўгах», «Даўгі па падатках і сацстрахаванні ў Беларусі выйшлі на максімум», «На беларускай прамысловасці вісяць даўгі ў дзясяткі мільярдаў», «У 2021 годзе беларусы зноў не плацяць расіянам»…
Карацей, грошай няма. А значыць, «барацьба за рэсурсы» будзе ўсё больш жорсткай. Чакаем выкрыцця «змовы» з боку марсіян.