«Магчыма, нейкая маніпуляцыя». Зяць Кастусёва пра тое, што старшыня БНФ пачаў даваць паказанні ў КДБ

Да слоў следчага КДБ аб тым, што ўсе затрыманыя ўжо пачалі даваць паказанні па справе, зяць Рыгора Кастусёва ставіцца скептычна, паведамляе «Свабода».

773b1326_d88a_42f5_946a_dd136f8cc7a4_w1023_r1_s_1.webp

Пра тое, што ўсе чацвёра затрыманых па справе аб замаху на Лукашэнку пачалі супрацоўнічаць са следствам, у эфіры дзяржаўнага тэлебачання расказаў кіраўнік следчага аддзела КДБ Канстанцін Бычак.

Паводле апублікаваных КДБ звестак, па справе аб дзяржаўным перавароце і падрыхтоўцы забойства Лукашэнкі абвінавачанымі праходзяць чацвёра: старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, палітолаг Аляксандр Фядута, юрыст Юрась Зянковіч і яшчэ адна асоба, імя якой афіцыйна не называецца. Усім затрыманым прад’яўленыя абвінавачанні па ч. 1 арт. 357 КК («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).

Усе абвінавачаныя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Інфармацыі пра іх стан пакуль вельмі мала.

«Асаблівых навін ад Рыгора няма, — расказаў «Свабодзе» зяць Рыгора Кастусёва Дзмітрый Антончык. — Адвакатка вельмі асцярожна дае інфармацыю. Яна хвалюецца і за сваю ліцэнзію, і за тое, што яе кліент можа застацца без адваката, без абароны, калі нейкая інфармацыя трапіць вонкі. Таму мы і самі не распытваем адвакатку, самі таксама мала што ведаем. У Рыгора з адвакаткай была адна сустрэча. Настрой у яго нармальны, выглядае добра. Праблем са здароўем няма. Яна пацвердзіла артыкул 357, пра які мы і так ведалі ўжо. Больш на дадзены момант мы інфармацыі не маем».

Паводле слоў Дзмітрыя, у КДБ ужо прынялі адну перадачу для Кастусёва, яе з Магілёва вазіла дачка палітыка. Лістоў пакуль ад яго родныя не атрымлівалі.

«Складана сказаць, што гэта такое, — кажа Дзмітры Антончык. — Магчыма, нейкая маніпуляцыя. Улічваючы тое, што метады працы КДБ могуць быць розныя, то, магчыма, могуць быць і нейкія паказанні. Але ўспрымаць іх як нейкую праўду я б не стаў. Нават калі гэта будзе пададзена як дача паказанняў. Гэта можа быць пад прымусам, людзі зачыталі тое, што ім далі. Невядома, што там робяць з чалавекам, калі ён нешта гаворыць».

Неўзабаве пасля затрымання Рыгора Кастусёва з’яўлялася інфармацыя і пра затрыманне самога Дзмітрыя. Ён удакладняе, што фактычна затрыманы не быў, яго запрасілі толькі для правядзення вобшуку на лецішчы, адмовіцца магчымасці не было. Дзмітры Антончык кажа, што сітуацыя яго застаецца напружанай, ён мае ўражанне, што вакол яго ідзе нейкая праца.

Пра чацвёртага затрыманага родныя Рыгора Кастусёва нічога не ведаюць. Выданне «Наша Ніва» выказвае меркаванне, што гэта можа быць 43-гадовая Вольга Галубовіч, знаёмая Юрася Зянковіча.

Паводле слоў Дзмітрыя Антончыка, палову людзей з таго самага чату (канферэнцыі ў зуме. — РС) ён не ведаў зусім. Чуў пра Зянковіча, але імя памочніцы юрыста Вольгі Галубовіч яму невядомае.