Стала вядомае імя чацвёртай арыштаванай па справе «замаху на Лукашэнку»

Хутчэй за ўсё, арыштаваная 43-гадовая Вольга Галубовіч. Раней яна займалася справамі мінскага офіса Юрася Зянковіча, паведамляе «Наша Ніва».

Вольга Галубовіч. Архіўнае фота з ok.ru.

Вольга Галубовіч. Архіўнае фота з ok.ru.

21 красавіка ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1» начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў, што па справе «замаху на Лукашэнку і дзяржперавароту» затрыманыя чатыры чалавекі.
Раней вядома было толькі пра трох — гэта адвакат з ЗША Юрась Зянковіч, а таксама літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Імя чацвёртага фігуранта прадстаўнік КДБ не назваў.
«Наша Ніва» дазналася, што гаворка, хутчэй за ўсё, вядзецца пра 43-гадовую Вольгу Галубовіч. Раней яна займалася справамі мінскага офіса Юрася Зянковіча, які дапамагаў людзям з міграцыяй у ЗША.
Жонка Юрася Алена ў каментары naviny.online пацвярджала тыдзень таму, што Галубовіч затрыманая КДБ. А мінскі офіс Зянковіча нібыта спыніў працу яшчэ ў верасні 2020 года.
«Наша Ніве» стала вядома, што Вольга працягвае знаходзіцца ў няволі. Ці выстаўлена ёй абвінавачанне, родныя дакладна не ведаюць. Яны пакуль адмаўляюцца ад каментароў.
Што вядома пра Вольгу Галубовіч? Яна родам з Мінска, але ў падлеткавым узросце разам з бацькамі пераехала ў мястэчка Свіслач Пухавіцкага раёна. Вучылася ў мастацкай вучэльні, а таксама на філфаку БДУ, дзе вывучала беларускую, рускую і сербскую мовы.
Вольга працавала сацыяльным педагогам у школе ў Свіслачы, а таксама падмяняла настаўнікаў беларускай і англійскай мовы. У 2003 годзе стала дэпутатам мясцовага пасялковага савета, хоць і прадстаўляла Партыю БНФ. Магчыма, з таго часу яна і ведае Юрася Зянковіча, які тады абіраўся ў мясцовыя саветы.
Вольга прынцыпова карысталася беларускай мовай, пад яе уплывам па-беларуску стаў гаварыць і яе муж Алесь. Потым Вольга ўзначальвала кампанію «За нашу Свіслач». Тым не менш, асабліва не «свяцілася» ў грамадскім жыцці.