Дэмакратычныя аб’яднанні Беларусі патрабуюць вызвалення Рыгора Кастусёва

Кіраўнікі дэмакратычных партый і рухаў Беларусі выступілі з супольнай заявай з нагоды затрымання старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

773b1326_d88a_42f5_946a_dd136f8cc7a4_w1023_r1_s_1_1.webp


«Мы ведаем, што ў сітуацыі цяперашняга супрацьстаяння ў беларускім грамадстве Рыгор Кастусёў як кіраўнік Партыі БНФ, афіцыйна зарэгістраванай палітычнай арганізацыі, што будуе сваю дзейнасць на нормах заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з уласнымі статутам і праграмай, заўжды выступаў з заклікамі да дыялогу і мірнага вырашэння любых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных палітычных поглядаў на падставе супольных інтарэсаў беларускага народа, неаднаразова заклікаў удзельнікаў палітычнага працэсу да стрыманасці, падкрэсліваючы недапушчальнасць распальвання варажнечы ў беларускім грамадстве.
Мы перакананыя, што Рыгор Кастусёў ніколі не браў і не мог браць удзел у змовах ці любых іншых дзеяннях, скіраваных на захоп улады неканстытуцыйным чынам.
Ціск на легальныя і афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі з'яўляецца працягам ціску на ўсе незалежныя ад улад асяродкі, на грамадзянскую супольнасць», — гаворыцца ў заяве.
Аўтары заявы заклікалі да спынення палітычных рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітычных вязняў.
Заяву падпісалі Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Юры Губарэвіч, старшыня грамадзкага аб’яднання «Рух “За свабоду”», Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Зміцер Кучук, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» і Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ.
Нагадаем, Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. На наступны дзень у Маскве беларускія спецслужбы затрымалі палітолага Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША.
Падчас суботніка 17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая нібыта «планавала замах на яго і дзяцей», і звязаў яе са спецслужбамі ЗША.
Праз дзень начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў на тэлеканале АНТ, што пачата крымінальная справа на падставе арт. 357 КК («Змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»). Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было.