B*POL не выключае, што канфлікты ў апазіцыі адбываюцца з-за ўплыву спецслужбаў

Апошнія тыдні ў асяроддзі беларускіх дэмакратычных сіл разгараецца скандал за скандалам. Палітыкі абвінавачваюць адзін аднаго ў недастатковай рашучасці, патрабуюць справаздачнасці аб працы Офіса Святланы Ціханоўскай і спрачаюцца, ці варта ехаць на канферэнцыю ў Вільні, якая арганізуецца ім.

bulbasrach.jpg

Як выказаўся ў эфіры «Е*рарадыё» прадстаўнік B*POL Аляксандр Азараў, правядзенне самой канферэнцыі — не ў інтарэсах Лукашэнкі.

«І была пастаўлена задача спецслужбам і агентуры, якая знаходзіцца за мяжой, кампраметаваць усяляк людзей, якія ў гэтым удзельнічаюць, альбо саму падзею», — кажа Азараў.

Менавіта таму, па словах прадстаўніка B*POL, і «адбываюцца ўсе гэтыя падзеі». Аднак гэта неабавязкова азначае, што ўсе крытыкі Ціханоўскай — «агентура».

«Не факт, што ім канкрэтна [далі заданні]. Можна выбраць людзей з няўстойлівай псіхікай, якія могуць такую інфармацыю выносіць у свет. Ім гэтую інфармацыю падаюць спецслужбы... Калі ён супрацоўнічае, то ведае, што гэта спецслужбы, калі не — то гэта можа быць інфармацыя ад ананімаў, "удзячных беларусаў", крыніц. Усё гэта падаецца, і чалавек можа нават сам не разумець, што ён робіць, што ён рэальна шкодзіць агульнай справе. Нельга адназначна сказаць, што гэта "агенты"», — дадае прадстаўнік ініцыятывы экс-сілавікоў.

Азараў дадаў, што канкрэтна ў ініцыятывы B*POL якіх-небудзь сур'ёзных прэтэнзій да дыпламатычных структур, у тым ліку Офіса Ціханоўскай, няма. Ён удакладніў, што прэтэнзіі па фінансавых пытаннях у прынцыпе неабгрунтаваныя, таму што Офіс не ўдзельнічае ў размеркаванні грантаў і не мае да іх доступу, у адрозненне ад міжнародных фондаў.