Канферэнцыя «Новая Беларусь» — шанец для апазіцыі?
8-9 жніўня ў Вільні пройдзе канферэнцыя «Новая Беларусь», дзе збярэцца ўся апазіцыя, нягледзячы на раскол у яе шэрагах. Ці варта чакаць прыняцця нейкіх важных рашэнняў?
Беларуская апазіцыя рыхтуецца да вялікай канферэнцыі пад назвай «Новая Беларусь», якая павінна адбыцца ў гадавіну пачатку пратэстаў у Беларусі — 8-9 жніўня ў Вільні. На яе ў апазіцыйных колах ускладаюць шмат надзей — на канферэнцыі павінны сабрацца ўсе прадстаўнікі дэмакратычнага руху і, як мінімум, пазначыць будучую стратэгію дзеянняў.
Зрэшты, з самага пачатку падрыхтоўкі мерапрыемства яго суправаджаюць скандалы і даволі негатыўны інфармацыйны фон — апошнім часам значна ўзмацнілася крытыка на адрас Офіса Святланы Ціханоўскай, што выступае асноўным арганізатарам канферэнцыі. Нямецкая радыёстанцыя, не пажаданая ў Беларусі, разбіралася, што будуць абмяркоўваць на галоўным мерапрыемстве беларускіх дэмсілаў і які шанец, што апазіцыянеры змогуць прыняць важныя рашэнні, не пасварыўшыся.
Анонс на фоне рэзкай крытыкі на адрас Ціханоўскай
Пра тое, што Кангрэс беларусаў (першапачаткова мерапрыемства называлі так) пройдзе 8-9 жніўня, Святлана Ціханоўская паведаміла ў сярэдзіне ліпеня, у адказ на рэзкую крытыку, якая прагучала ў адрас яе офіса на II Форуме дэмакратычных сіл, арганізаваным экс-кіраўніком ПВТ Валерыем Цапкалам. Але саму ідэю кангрэса кіраўнік НАУ Павел Латушка з Ціханоўскай абмяркоўвалі яшчэ ў пачатку ліпеня.
Пасля анонсу Офіс пачаў падрыхтоўку да мерапрыемства і стаў рассылаць персанальныя запрашэнні палітычным актывістам, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, экспертам і журналістам. Але такі расклад задаволіў не ўсіх, бо першапачаткова меркавалася, што дэлегаты на кангрэсе будуць галасаваць за важныя рашэнні — а для гэтага яны павінны быць дэмакратычна абраныя, а не проста запрошаныя.
Нароўні з Цапкалам, які працягвае крытыкаваць Ціханоўскую, хоць і прыняў запрашэнне на мерапрыемства, на гэтым этапе з заўвагамі выступіў Павел Латушка. Ён вылучыў свае прынцыпы, паводле якіх павінен праходзіць Кангрэс: не менш за 1000 дэлегатаў павінны быць абраныя, парадак кангрэса вызначаны шляхам рэйтынгавага галасавання, а рашэнні прымацца большасцю. Сярод тэмаў, якія трэба абмеркаваць, Латушка вылучыў стварэнне нацыянальна-вызвольнага руху і фарміраванне нацыянальнага органа ўлады Беларусі (пра гэта Ціханоўская абвясціла 24 лютага, але ніякіх падрабязнасцяў не было. — Рэд.).
Што прапануецца абмеркаваць на «Новай Беларусі»?
У выніку 22 ліпеня Святлана Ціханоўская ў сваіх сацсетках запрасіла ўсіх ахвочых зарэгістравацца на мерапрыемства. Паводле яе слоў, яно арганізуецца сумесна з Каардынацыйнай Радай, ініцыятывай BYP*L, НАУ, грамадзянскімі ініцыятывамі, бізнесменамі і экспертамі.
«Мы будзем размаўляць адзін з адным адкрыта, паказваць вынікі працы, казаць пра рэальныя планы», — заявіла Ціханоўская.
Цікава, што цяпер з'езд апазіцыянераў стаў называцца «Канферэнцыя Новая Беларусь» — чаму адбылося перайменаванне, Офіс не патлумачыў.
Аргкамітэт канферэнцыі апублікаваў праграму мерапрыемства. У першы дзень удзельнікам прапануецца абмеркаваць, якімі павінны быць стратэгічныя прыярытэты дзейнасці, якім павінен быць транзітны перыяд, як выратаваць краіну ад эканамічнага крызісу і як рэарганізаваць дэмсілы. А ў другі дзень апазіцыянеры павінны абмеркаваць прыватны бізнес, лічбавую палітыку і грамадзянскую супольнасць. Як бачна, месцы для галасавання за новую стратэгію, за альтэрнатыўны кабінет або іншыя важныя рашэнні ў праграме няма.
Зрэшты, і адносна праграмы беларуская грамадскасць не здолела ўтрымацца ад крытыкі. Некаторых абурыла, што на прэзентацыю вынікаў дэмакратычнага руху за два гады ў праграме адведзена толькі 5 хвілін (так было ў першым варыянце праграмы, цяпер — 10 хвілін. — Рэд.), а таксама вялікая колькасць кава-паўзаў.
Галоўнае чаканне — каб апазіцыя не пасварылася
Аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) Павел Слюнькін, ацэньваючы перспектывы канферэнцыі, з самага пачатку адзначае, што само правядзенне канферэнцыі было вымушаным: «Заклікі правесці нешта падобнае былі і раней, але толькі пасля форуму Цапкалы і медыйнай атакі з усіх флангаў Офіс анансаваў канферэнцыю». А на пытанне аб тым, чаго наогул чакаць ад мерапрыемства, ён іранічна адзначае, што не чакае нічога, «акрамя чарговай порцыі навін аб спрэчках сярод апазіцыі».
«На канферэнцыі будуць розныя структуры і персоны, і зыходзячы з таго, што яны цяпер публічна кажуць, іх пазіцыі моцна адрозніваюцца. Нейкія з крытыкаў змогуць знайсці агульную мову з офісам, але большасць стаяць занадта на розных пазіцыях, каб падчас адной сустрэчы іх уладзіць».
Таму, як кажа Слюнькін, галоўнае чаканне ад канферэнцыі палягае ў тым, каб дэмсілы змаглі спакойна пагаварыць, знайсці паразуменне і форму паважлівых зносін адно з адным.
Чакаць лёсавызначальных рашэнняў на канферэнцыі не варта?
Дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, у сваю чаргу, ацэньвае ідэю канферэнцыі ў цэлым станоўча. «Праграма мінімум для такой канферэнцыі — абазначэнне пазіцый розных палітычных сіл. Трэба, каб была дадзеная аргументацыя гэтых пазіцый, пазначаныя перспектывы па збліжэнні і выпрацаваныя агульныя падыходы да таго, як рэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне і рэгіёне. Чакаць лёсавызначальных рашэнняў на форуме не варта, але пры добрым збегу абставінаў гэта можа быць першым крокам да кансалідацыі дэмсілаў», — лічыць Казакевіч.
У якасці аргументу тэзісу, што ніякіх важных рашэнняў на канферэнцыі прынята не будзе, абодва эксперты звяртаюць увагу на сітуацыю з перайменаваннем мерапрыемствы з кангрэсу ў канферэнцыю. На іх думку, гэта сведчыць аб тым, што фармат канферэнцыі — гэта дыялог, бо для прыняцця важных рашэнняў або галасавання патрэбна дэмакратычная працэдура абрання дэлегатаў.
Ці будзе на канферэнцыі абмяркоўвацца стварэнне альтэрнатыўнага органа ўлады? Казакевіч не выключае, што агульныя рамкавыя дамоўленасці могуць быць дасягнутыя: «Але не больш. Кадравыя рашэнні будуць заўчаснымі, улічваючы, што само абазначэнне пазіцый рознымі групамі яшчэ не завершанае. Мы чуем шмат крытыкі, але мала канкрэтных прапаноў, каб ацаніць, які патэнцыял маюць тыя сілы, якія займаюць крытычную пазіцыю да Офіса».
Пераклад НЧ