«Лукашэнка і яго паплечнікі сталі ізгоямі ў цывілізаваным свеце»: Ціханоўская адказала на 12 пытанняў Кныровіча

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч падрыхтаваў спіс з 12 пытанняў. Іх ён накіраваў палітыкам — у Офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Форум дэмакратычных сіл, а таксама Дзмітрыю Шчыгельскаму і Вадзіму Пракоп'еву. «Афіцыйны адрас Зянона Пазняка пакуль не знайшоў. Але знайду», — дадаў Кныровіч.

cichan_3012.jpg


«Паколькі я не прадстаўляю якой-небудзь палітычнай сілы, праграмы і сёння з'яўляюся хутчэй вядомым удзельнікам медыяпрасторы, блогерам, экспертам, то, для найбольш эфектыўнага ўдзелу ў будучым мерапрыемстве, я дазволіў сабе папрасіць маіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках (каля 7,5 тысячы чалавек), а таксама гледачоў «Е*рарадыё» (ахоп гэтага выпуску — 27,7 тысячы чал.) сфармуляваць тыя пытанні, якія іх сёння хвалююць і якія я абяцаў адрасаваць палітычным сілам — удзельнікам канферэнцыі. На мой адрас паступіла больш за 100 зваротаў. Іх аналіз дазволіў мне сфармуляваць “12 пытанняў да палітыкаў”», — пісаў Кныровіч у звароце.

Святлана Ціханоўская адказала гэтыя пытанні. Е*рарадыё сабрала адказы на самыя гарачыя з іх: аб фінансах, войску, палітвязнях, выніках працы і далейшым плане.

Аляксандр Кныровіч: Што Вы (Ваша арганізацыя) збіраецеся зрабіць, каб спыніць публічнае «высвятленне адносін»? Ці з'яўляецца які-небудзь з варыянтаў «протапарламента» рашэннем гэтай праблемы?

Святлана Ціханоўская: Я веру, што Канферэнцыя дасць магчымасць не толькі выказацца і адказаць на крытыку, але і прыйсці да рашэнняў аб далейшых дзеяннях і «протапарламенце», калі ўсе пагодзяцца, што ён патрэбны. Для мяне таксама важна, каб мы адразу абмеркавалі, хто за што адказны.

Калі знікнуць ілюзіі і з'явіцца яснасць — гэта будзе поспехам Канферэнцыі дэмсіл

Бачу, што «протапарламент» можа быць сфарміраваны дэлегаваннем прадстаўнікоў ад арганізацый і шляхам выбару праз лічбавыя інструменты. Яго галоўная роля — сабраць такіх людзей, якія сваім вопытам і экспертызай дапамогуць распрацоўваць і сцвярджаць стратэгічныя рашэнні. Дыскусіі, у якіх гэта адбываецца, павінны быць адкрыты грамадству, а ў самой структуры павінны быць прадстаўлены абсалютна розныя групы і погляды — тады гэта запрацуе.

А.К.: За мінулыя два гады Вы (Ваша арганізацыя) атрымлівалі фінансаванне пад праекты звязаныя з «інтарэсамі беларусаў»? Калі «так», ці гатовыя вы даць справаздачу для «даверанага аўдыту па сутнасці»?

С.Ц.: Наша каманда атрымлівае ахвяраванні ад прыватных донараў, данаты, падтрымку інстытуцыйных фондаў. Мы ўжо зрабілі запыты незалежным кампаніям, якія правядуць аўдыт. Вынікі будуць адкрытыя. Публікацыя імёнаў, назваў, вядома, будзе моцна абмежаваная па меркаваннях бяспекі.

Мы гатовыя стварыць назіральны савет пры Офісе, куды будуць запрошаныя аўтарытэтныя беларусы, якія будуць атрымліваць тлумачэнні па працы Офіса і мець магчымасць уплываць на рашэнні па найбольш важных напрамках, такіх як выбар стратэгіі, планаванне дзейнасці, структура.

А.К.: Ці ёсць у Вас (Вашай арганізацыі) стратэгія на бліжэйшыя тры гады? Набор задач, якія вынікаюць з стратэгічных мэтаў, каманда, рэсурсы?

С.Ц.: У нас ёсць сцэнары і план дзеянняў у розных сцэнарах. Пасля пачатку вайны мы ведаем, што нельга лічыць, што нешта не адбудзецца. Вайна, з аднаго боку, змяніла ўсё... З іншага боку, нашы прыярытэты працы засталіся нязменныя: мы ўсё гэтак жа стаім за вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах і транзіт улады праз сумленныя выбары. Але ў лютым да гэтых прыярытэтаў дадаліся новыя: абараніць незалежнасць Беларусі, дапамагчы спыніць вайну ва Украіне, дамагчыся вываду расійскіх войскаў.

Як усім разам працаваць на гэтыя прыярытэты — абмяркуем на Канферэнцыі. Каманда ў мяне ёсць, але яе недастаткова для вырашэння ўсіх гэтых задач. Я заклікаю партнёраў да канструктыўнага дыялогу аб тым, як мы будзем дзяліць гэтую адказнасць. А рэсурсы знаходзяцца тады, калі ёсць канкрэтныя планы.


А.К.: Якое Ваша (Вашай арганізацыі) стаўленне да «Арміі новай Беларусі»?

С.Ц.: Армія патрабуе велізарных рэсурсаў і разумення, як яна будзе дзейнічаць, дзе і якая ў яе мэта. Гэта вельмі сур'ёзны блок пытанняў. На тэрыторыі якой краіны і ў якім статусе можа грунтавацца такое войска ў бягучай сітуацыі? Пакуль гэта выглядае як прыгожая, але не прапрацаваная канцэпцыя. Але мы будзем размаўляць з аўтарамі гэтай ідэі, у тым ліку публічна на Канферэнцыі.

Да прыкладу, я хачу абмеркаваць: магчыма, сёння лепш накіраваць намаганні на арганізацыю партызанскай барацьбы ўнутры краіны?

І, вядома, я прашу не забываць падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Яны героі, якіх, да таго ж, відавочна баіцца рэжым.

А.К.: Які Ваш (Вашай арганізацыі) план вызвалення палітвязняў?

С.Ц.: У першую чаргу, пра палітвязняў трэба казаць кожны дзень, каб пра іх памяталі ўсе, чым я і займаюся.

Мы спрабуем дамагчыся і змены правілаў прызнання палітвязнямі — частка палітвязняў не прызнаныя ў гэтым статусе праваабаронцамі. Мы працягваем патрабаваць ад ААН дзеянняў па неадкладным вызваленні палітвязняў у цяжкім фізічным стане, наведвання турмаў прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа і БДІПЧ АБСЕ, забеспячэння доступу святароў да палітвязняў.

Мая прадстаўніца па прававых пытаннях Святлана Бабінцава збірае незалежную прававую раду з юрыстаў, праваабаронцаў, каб дапрацаваць Акт аб рэабілітацыі. Гэта дакумент, які, па сутнасці, з'яўляецца дарожнай картай, як у максімальна кароткі тэрмін вызваліць усіх невінаватых.

А.К.: Якіх вынікаў Вы (Ваша арганізацыя) дамагліся за апошнія два гады (план/факт)?

С.Ц.: Галоўная наша задача ўвесь гэты перыяд была ў тым, каб умацоўваць легітымнасць голасу беларусаў. Тут ёсць адчувальныя вынікі: Лукашэнка і яго паплечнікі сталі ізгоямі ў цывілізаваным свеце, яму не ўдалося «перагарнуць старонку», згуляць на міграцыйным крызісе, на захопе самалёта, яму не ўдалося зрабіць выгляд, што ён не мае ніякага дачынення да нападу Крамля на Украіну, і абмяняць адмену санкцый на транзіт збожжа. Усе спробы рэжыму нібыта нармалізаваць сітуацыю, працягваючы катаванні людзей у турмах, не ўдаліся.

Я магла б палічыць колькасць сустрэч або сабраных візітовак, але ведаю, што гэта не вынік. Пры гэтым я прашу памятаць, што гэтая праца дапаможа нам у будучыні і ўжо цяпер дапамагае дэмакратычным сілам пашыраць, а не звужаць працу... Мы шмат працуем для дыяспары, і ў розных краінах нам удалося змяніць палітычную волю ў дачыненні да нашага народа. Мы не без поспеху працуем з Украінай. Большасць гэтай працы не публічная.

Калі казаць пра мяне асабіста, большасць часу я праводжу ў зносінах з людзьмі. Абняць сваякоў палітвязняў, падбадзёрыць рабочых, спытаць, як справы ў актывістаў, выслухаць заўвагі ад кіберпартызанаў... Дзяржава гадамі не слухала людзей, і цяпер, вядома, я адна не магу пагаварыць з кожным чалавекам з Беларусі. Але я стараюся рабіць гэта. Ці можна назваць гэта вынікам — вырашайце самі. Але для мяне самае галоўнае — гэта людзі.