Ціханоўская абвясціла новы фармат канферэнцыі Новая Беларусь — з адкрытай рэгістрацыяй
Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале абвясціла пра новы фармат запланаванага на жнівень мерапрыемства, якое закліканае аб’яднаць беларускія дэмакратычныя сілы ў краіне і за яе межамі.
У сваім паведамленні яна адказала на парады і крытыку, якія выказваліся наконт гэтага сходу.
«Вы казалі «збярыцеся разам і дайце голас усім» – і мы разам з партнёрамі, КР, BYPOL, НАУ, палітыкамі, грамадзянскімі ініцыятывамі, бізнесамі, аналітыкамі і незалежнымі экспертамі збярэмся разам на канферэнцыю Новай Беларусі. Мы будзем размаўляць адно з адным адкрыта, паказваць вынікі працы, спрачацца пра рэальныя планы.
Вы казалі «слухайце не толькі тых, хто вас хваліць, але і тых, хто крытыкуе» – і таму мы зрабілі форму адкрытай рэгістрацыі і ў дадатак да яе я асабіста запрасіла прадстаўнікоў абсалютна розных сілаў і меркаванняў», -- напісала Ціханоўская ў тэлеграм-канале
Яна прапануе ўдзельнічаць у адкрытых абмеркаваннях на наступныя тэмы:
- Якімі павінны быць стратэгічныя стратэгічныя прыярытэты нашай працы зараз?
- Якім будзе транзітны перыяд і хто павінен адказваць за яго?
- Як стварыць умовы для годнага жыцця і выратаваць краіну ад эканамічнага крызісу?
- Як рэарганізаваць дэмакратычныя сілы пад задачы, якія мы вылучым разам?
«Галоўным вынікам двух дзён працы будзе тое, што мы разам дамовімся, што рабіць далей – і будзем працаваць адзіным фронтам», — зазначыла яна.
Па яе словах, на канферэнцыю збяруцца не толькі палітыкі, але і журналісты, прадпрымальнікі, актывісты і аналітыкі, прадстаўнікі НДА, лекары, артысты, настаўнікі і спартоўцы.
«Мы дамо пляцоўку для абмеркавання пытанняў медыя, бізнесу і грамадзянскай супольнасці. А галоўнае – усё гэта будзе даступна ў анлайн-трансляцыі. Мы будзем чытаць вашыя каментары і адказваць на вашыя пытанні. Мы будзем побач і разам», — абяцае Ціханоўская.