«Лукашэнка і людзі, якія яго атачаюць, не адчулі сябе ў бяспецы»

У беларускага рэжыму па-ранейшаму няма ўпэўненасці, што калі рэпрэсіі спыніць, яму ўдасца ўтрымаць кантроль над сітуацыяй. Такую думку выказаў былы дыпламат, а цяпер асацыятыўны аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) Павел Слюнькін падчас анлайн-дыскусіі Экспертна-аналітычнага клуба, прысвечанай вынікам 2021 года. Пра што яшчэ гаварылі эксперты?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Амаль тысяча палітвязняў, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, разгром грамадзянскай супольнасці і замарожванне стасункаў з Захадам — з такім вынікам завяршаецца «год беларускай контррэвалюцыі». Ці магчыма ўбачыць у гэтым штосьці пазітыўнае і чаго варта чакаць ад 2022-га — гэтаму была прысвечаная анлайн-дыскусія Экспертна-аналітычнага клуба, у якой узялі ўдзел незалежныя беларускія эксперты ў палітыцы, эканоміцы, праваабароне і сацыялогіі.

«Чым больш змоваў раскрывае ўлада, тым больш ворагаў яна атрымлівае»

Асацыятыўны аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR), былы дыпламат Павел Слюнькін назваў 2021-шы годам «прызямлення нашых спадзяванняў да зямлі», а яго метафарычным сімвалам — прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску.
— Становішча, у якім мы цяпер, пацвярджае, што няма таго кошту, які не гатовы заплаціць рэжым і асабіста Аляксандр Лукашэнка дзеля захавання ўлады ў сваіх руках, — гаворыць эксперт.
Павел Слюнькін зазначае, што лідарам апазіцыі не ўдалося ўтрымаць палітычную суб’ектнасць унутры краіны, але ўдалося яе захаваць на міжнароднай арэне. У той жа час Лукашэнка не збіраецца весці перамовы са штабамі Бабарыкі ці Ціханоўскай, адзіны дыялог, на які ён можа пайсці — гэта вымушаныя перамовы з краінамі, здольнымі ўплываць на сітуацыю.


 Але калі мы перадаем права перамоваў у Берлін, Парыж ці Вашынгтон, мы павінны разумець, што кантраляваць іх не можам, і многія пагадненні ў выніку могуць нас расчараваць. У той жа час успрымаць гэта як перамовы нельга, бо беларускае грамадства альбо тыя офісы, якія яго прадстаўляюць, будуць з гэтых перамоваў выключаныя.
Былы чыноўнік прывёў чарговую метафару, гэтым разам з футбола, параўнаўшы Беларусь з гэтакім Месі: калі перамога была магчымая, але ўмяшаліся пабочныя фактары — траўма, і гульца прымусова вынеслі з поля. У той жа час наяўнасць нават траўмаванага гульца вельмі напружвае праціўніка. Таму, на думку Паўла Слюнькіна, задача беларускага грамадства — захаваць сваю суб’ектнасць.
Яшчэ адной ілюзіяй 2021-га, на думку аналітыка, быў спадзеў на тое, што эканамічная сітуацыя канчаткова разгайдае рэжым і выведзе людзей на вуліцу.
Што тычыцца ўзаемаадносінаў з Расіяй, то беларуская дзяржава за апошнія 1,5 года саступіла вельмі шмат таго, ад чаго «адбівалася» гадамі.
— Правобразы ваенных баз з расійскім персаналам — гэта прызнанне законнасці анексіі Крыма, таго, ад чаго Лукашэнка максімальна намагаўся адхрышчвацца, — прыводзіць прыклад экс-дыпламат.

Павел Слюнькін, фота: facebook.com/pavel.slunkin

Павел Слюнькін, фота: facebook.com/pavel.slunkin

Павел Слюнькін мяркуе, што гэтая тэндэнцыя саступак Расіі захаваецца і ў наступным годзе, але гэта не значыць, што кантроль над сітуацыяй у Беларусі цалкам перайшоў да Масквы. Лукашэнка па-ранейшаму застаецца галоўным цэнтрам прыняцця рашэнняў і асноўных рычагоў кіравання ён у Маскву пакуль не перадае. У сувязі з гэтым Павел Слюнькін выказвае меркаванне, што варыянт канстытуцыйных паправак, які ўлады абяцаюць прадставіць у бліжэйшыя дні, будзе моцна адрознівацца ад таго, што Лукашэнка паабяцаў Пуціну ў верасні 2020-га года, і не на карысць Масквы.
 Нягледзячы на беспрэцэдэнтны аб’ём рэпрэсій, Аляксандр Лукашэнка і людзі, якія яго атачаюць, так да сёй пары і не адчулі сябе ў бяспецы. У іх па-ранейшаму няма ўпэўненасці, што калі рэпрэсіі спыніць, ім па-ранейшаму ўдасца ўтрымаць кантроль над сітуацыяй. І гэта нараджае заганнае кола, калі чым больш змоваў улада раскрывае, тым больш ворагаў яна атрымлівае. Трэба разумець, што насамрэч больш дэстабілізуе сістэму: змяншэнне маштабу рэпрэсій ці іх бясконцае паўтарэнне? І зусім няясна, ці ёсць у Лукашэнкі ўяўленне пра тое, калі і пры якіх умовах ён зможа адмовіцца ад рэпрэсій. Гэта важны чыннік, бо рэпрэсіі эфектыўныя ў кароткатэрміновым перыядзе. Але нічога яшчэ не скончылася — гэта пацвярджаюць і дзеянні самога Лукашэнкі.

Канец беларускай палітычнай мадэлі

На думку доктара паліталогіі, дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, асноўным вынікам 2021 года стала тое, што палітычная мадэль, якая складвалася ў Беларусі з 1996 па 2020 год, канчаткова разбурылася. І калі яшчэ напрыканцы мінулага года было чаканне, што ўсё можа вярнуцца ў стан да 2020-га, то цяпер зразумела, што гэтага не будзе.

Андрэй Казакевіч, фота: Thinktanks.by

Андрэй Казакевіч, фота: Thinktanks.by


Беспрэцэдэнтная зачыстка грамадскіх і палітычных структур, ціск, засілле сілавікоў у дзяржаўных структурах і чысткі ў іх жа, цалкам разбураныя стасункі з Захадам, пераўтварэнне Беларусі ў крыніцу пагрозы бяспецы ў рэгіёне — і як вынік мы маем поўнае разбурэнне палітычнага балансу інтарэсаў унутры краіны і не толькі.
Андрэй Казакевіч звяртае ўвагу, што яшчэ з 2020 года пачалі мяняцца стасункі паміж уладай і грамадствам, і сёлета гэтая тэндэнцыя замацавалася. Цяпер уладам стала зусім не важная большасць, яны настроены на тое, каб кансалідаваць сваю меншасць і спрабаваць навязваць грамадству сваё бачанне.
— Аўтарытарны рэжым да 2020 года шмат у чым быў папулісцкім і імкнуўся падладжвацца пад чаканні большасці ў той ці іншай ступені. Цяпер логіка зусім іншая: экспліцыраваць свае ідэі на грамадства і пераўтварыць яго, — заключае палітолаг.
Ён мяркуе, што ў 2022 годзе нас чакае спроба прасоўвання глыбокай палітычнай рэформы. Палітычнае поле і дзяржаўны апарат будуць зачышчаныя, улады паспрабуюць скапіраваць расійскую мадэль, але ў выніку можа атрымацца нешта накшталт варыянта М’янмы, толькі без ваеннага захопу. У той жа час Андрэй Казакевіч прагназуе, што, хутчэй за ўсё, сам Лукашэнка не вырашыцца запусціць падобны механізм.


Эканоміка: «экспартны цуд»

Насуперак усім прагнозам і чаканням крызіса, дзякуючы «экспартнаму цуду» беларуская эканоміка ў 2021 годзе прадэманстравала рост. Па сцвярджэнні многіх чыноўнікаў, гэты год для эканомікі стаў адным з лепшых за апошнія 10 — 15 гадоў. Ці так гэта насамрэч? Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова прывяла лічбы, з якімі Беларусь праважае свой «лепшы год».
— Верагодна, па апошніх даных, ВУП вырасце крыху больш чым на два працэнта, у той час як у нашых суседзяў — Расіі і Украіны — ён вырасце на чатыры працэнта, і ва Украіне ідзе дыскусія пра тое, што гэта вельмі мала. У Польшчы і Літве ВУП вырасце на пяць працэнтаў.
Рэальныя даходы таксама выраслі ўсяго на 2,2 %, пры гэтым спажыванне практычна не расце. Гэта значыць, людзі не транслююць рост даходаў у рост спажывання, таму што чакаюць пагаршэння сітуацыі. Падаюць як унутраныя інвестыцыі, так і агульныя — апошнія ўпалі на 8% у параўнанні з 2020 годам, які таксама не быў надта паспяховым адносна інвестыцый.
Такім чынам, эканоміка ў нас у досыць някепскай форме, але назваць яе выдатнай вельмі складана, — заключае экспертка.

Кацярына Барнукова, фота: belmarket.by

Кацярына Барнукова, фота: belmarket.by


Сярод адметных трэндаў у эканоміцы ў 2021-м годзе Кацярына Барнукова адзначае змяненне палітыкі адносна прыватнага сектара. Супярэчнасці паміж тым, што было раней і тым, што ёсць цяпер, на яе думку, праявілася яшчэ ў лютым на Усебеларускім народным сходзе. Тады міністр эканомікі прэзентаваў праграму, якая была напісаная яшчэ да палітычнага крызісу, і вялікае месца там займала падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў і інавацый. Аднак Лукашэнка тады распавёў, на якіх умовах цяпер прыватны сектар зможа працаваць у Беларусі. Адна з тых умоў — несумненная палітычная адданасць.  
 З аднаго боку, мы не бачым тут нейкіх трагічных паваротаў, бізнес яшчэ не атрымаў таго жорсткага стаўлення, якое атрымлівае ад улады грамадства агулам, але мы ўжо бачым некаторыя негатыўныя змены, як, напрыклад, змены ў Падатковы кодэкс, якія ні з кім асоба не абмяркоўвалі, яны былі ўнесеныя ў апошні момант і не зразумела, як яны будуць працаваць. Таму нават тыя лібералы, якія ёсць ва ўрадзе, разумеюць, што прыватны сектар не зможа быць драйверам росту, значыць, не трэба яго абараняць.
Яшчэ адзін трэнд у эканоміцы-2021 — санкцыі, якія, хоць пакуль не паказалі свой непасрэдны ўплыў, так ці іначай усё роўна адбіваюцца на эканамічным становішчы.
— Беларусь — гэта закрытая эканоміка, якая мала залежыць ад таго, што адбываецца ў свеце. Ці будуць спрыяльныя ўмовы ў наступным годзе, мы не ведаем, але пакуль няма прыкметаў таго, што яны рэзка пагоршацца. Мы бачым замаруджванне экспарту ў фізічных аб’ёмах, але не бачым змяншэння валютнай выручкі ад экспарту. Гэта «купіла» вельмі шмат часу ў плане магчымасці абслугоўваць знешні доўг без знешніх запазычванняў. Мы сёлета нарасцілі золатавалютныя рэзервы. І калі год таму задавалі пытанне пра магчымасць сплаты знешняга доўга, наша становішча было горшым, чым сёлета. Бо прыйшоў «экспартны цуд», і мы ўжо значна лепш падрыхтаваныя.
Да таго ж, зазначае Кацярына Барнукова, 2021-шы паказаў, што Расія ў любым выпадку прыйдзе нам на дапамогу. Адзіная ўразлівая кропка, якая можа быць, — гэта пазыкі дзяржпрадпрыемстваў і жаданне ўладаў запусціць інвестыцыйны цыкл.

Рэгіянальная стабільнасць vs правы чалавека

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман зазначае, што калі 2020-ты год стаў годам руйнавання ілюзій у беларускага грамадства, то 2021-шы стаў годам разбурэння ілюзій у экспертнай супольнасці.
— Адна з іх умоўна выражаецца ў фразе «на штыках нельга доўга сядзець», бо гэта дорага і выводзіць сістэму з баланса.

Арцём Шрайбман, фота: belmarket.by

Арцём Шрайбман, фота: belmarket.by

Як падкрэсліў аналітык, баланс, які трымаўся на прынцыпе «бізуна і перніка», змясціўся ў бок «бізуна», і стаць «дабрэйшай» сістэма сама па сабе ўжо не зможа.
Асноўным вынікам года, на думку Шрайбмана, стала тое, што ўсе ўбачылі, наколькі несувымерна меншым для Захаду з’яўляецца крызіс з правамі чалавека ўнутры краіны, чым парушэнне рэгіянальнай стабільнасці.
Таксама, адзначае эксперт, становішча прыхільнікаў перамен і тых, хто падтрымлівае дзеючую ўладу, працягвае палярызавацца, хоць абодва бакі часам вымушаныя здаваць пазіцыі.
Шрайбман прагназуе працяг рэпрэсій да канстытуцыйнага рэферэндума, запланаванага на люты, а пасля, калі не ўзнікне новага раздражняльніка, магчыма, наступіць плато без гучных рэпрэсіўных кампаній. Наступнай жа фазай рэпрэсій можа стаць самапажыранне ўнутры сістэмы.
Што да знешняй палітыкі, Арцём Шрайбман мяркуе, што Лукашэнка сам можа пачаць эскалацыю ў супрацьстаянні Расіі і Украіны для таго, каб змясціць фокус з інтэграцыйных працэсаў. Менавіта таму аналітык не бачыць у 2022 годзе прагрэсу ў інтэграцыі з Расіяй.
Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі нагадвае, што ва ўмовах сталінізацыі сістэмы людзі сыйшлі з вуліц і, як бы сумна гэта ні было, але гэта нармальная і здаровая рэакцыя. У той жа час беларусы працягваюць ігнараваць рэжымную прапаганду, розныя даследаванні паказваюць на драматычнае звужэнне аўдыторыі дзяржаўных СМІ і яшчэ больш драматычнае зніжэнне даверу да іх, гаворыць Рудкоўскі.

Пётр Рудкоўскі

Пётр Рудкоўскі


У сваю чаргу Анаіс Марын, спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі, адзначае:
— Мы бачылі год контррэвалюцыі, якая паўплывала на ўсіх людзей, што прынялі ўдзел у пратэстах, і цяпер мы бачым чысткі ў НДА, больш за 300 арганізацый былі закрытыя. Апошнія прысуды больш падобныя на асабістую помсту Лукашэнкі дысідэнтам. Колькасць палітвязняў (прызнаных праваабаронцамі. — НЧ) хутка дасягне 1000 чалавек, гэта ўдвая больш, чым у Расіі.

Анаіс Марын

Анаіс Марын


Таксама мы бачым, як рука рэжыму ўзмацняе свой ціск, уводзячы такія тэрміны, як «экстрэмізм» і прыцягваючы да адказнасці людзей за тое, што яны выказваюць уласнае меркаванне. Як прыклад мы бачым, што члены ўраду ўзмацнілі адказнасць за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях, у тым ліку рэлігійных. Мы бачым, што рэпрэсіі павялічваюцца і агульны клімат беспакаранасці і беззаконня цягнецца апошнія некалькі гадоў. Мы бачым забойствы, выкраданні, катаванні людзей. Дзясяткі тысяч людзей з’яўляюцца ахвярамі рэпрэсій, беларусаў запалохваюць на працы, яны вымушаныя звальняцца з дзяржаўных арганізацый. Сотні тысяч беларусаў за апошнія 18 месяцаў пакінулі краіну, многія трапілі пад дэпартацыю.
Як спецдакладчык, Анаіс Марын у 2022 годзе плануе збіраць сведчанні пра людзей, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Таксама яна заклікала да дыялогу з урадам, хоць ён і не прызнае яе мандат, нагадаўшы, што для вырашэння міграцыйнага крызісу ў перамовы з Лукашэнкам уступіла Ангела Меркель.