Шалёны 2021. Повязь часоў: Юбілеі і ўрокі гісторыі
Каляндарны 2021-шы год ідзе да скону. Насычаны падзеямі і датамі, для будучых пакаленняў ён, як і яго папярэднікі, таксама стане годам значных гістарычных падзей. Сам 2021 год падарыў нам шмат юбілейных дат, а гэта — нагода азірнуцца ў мінулае і згадаць яго, паўтарыць урокі гісторыі.
Незалежнай Беларусі 30 год, 30 год без СССР
Ці ж не самай важнай падзеі ў гісторыі незалежнай Беларусі каляндар адмераў сёлета ўжо 30 гадоў.
25 жніўня 1991 года позна ўвечары скончыла работу нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, на якой быў прыняты шэраг важных законаў. У першую чаргу — закон аб наданні канстытуцыйнага статусу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Тым самым была абвешчана незалежнасць Беларусі. Ад гэтага часу вось ужо 30 гадоў наша краіна існуе ў свеце як раўнапраўная незалежная дзяржава, прызнаная ўсёй міжнароднай супольнасцю.
Гэта дата — 25 жніўня — мае ўсе падставы быць дзяржаўным святам Днём Незалежнасці Беларусі.
Сёлета адмерана і 30 гадоў, як перастаў існаваць СССР. 8 снежня 1991 года было канстатавана: Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне. У гэты дзень ва ўрадавай рэзідэнцыі «Віскулі» ў Белавежскай пушчы кіраўнікі ўжо незалежных Беларусі, Расіі і Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын, Леанід Краўчук падпісалі Белавежскае пагадненне.
Яно паклала канец 69-гадовай гісторыі СССР. Што цікава, аб спыненні існавання савецкай дзяржавы як суб'екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці аб'явілі лідары тых жа савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яе і заснавалі. Пры гэтым дзейнічалі яны ў заканадаўчым рэчышчы. Канстытуцыя СССР у 72 артыкуле вызначала: «За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР».
100 год падзелу, свята яднання
Гаворка пра гэтак званую «рыжскую мяжу». 18 сакавіка 1921 года ў Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога было заключана пагадненне пра спыненне савецка-польскай вайны і нармалізацыю адносін. Беларускай дэлегацыі на перамовах не было, ад імя Савецкай Беларусі дагавор падпісала РСФСР. Для Беларусі пагадненне важнае тым аспектам, што да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь. Фактычна, на два дзесяцігоддзя Беларусь была падзеленая на захад і ўсход, абедзве гэтыя часткі развіваліся зусім адрознымі цывілізацыйнымі шляхамі.
Што цікава, менавіта ў год векавых угодак Рыжскага дагавора ў Беларусі з’явілася новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, якое прапаноўваецца адзначаць штогод 17 верасня ў гонар уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, якое пачалося 17 верасня 1939 года з паходу Чырвонай арміі ў тагачасную Польскую Рэспубліку. Новае свята заканамерна выклікала грамадскую дыскусію, бо дзень 17 верасня ў гістарычным кантэксце досыць не адназначны.
80 год ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны
Усім яшчэ са школы вядомая гістарычная дата і падзея: 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты дзень з разрывамі нацысцкіх бомбаў на беларускіх землях зноў загрукатала зброя Другой Сусветнай вайны. Шмат ужо напісана і сказана пра падзеі той вайны на беларускіх землях і пра страты як чалавечыя, так і матэрыяльныя.
Ці вынеслі людзі які ўрок з той вайны? Пытанне насамрэч адкрытае. Наш знакаміты класік, які бачыў вайну на свае вочы, Васіль Быкаў так казаў: «Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго» — і ў працяг — «Вайна бязлітасная да кожнага. Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі».
Містычным чынам сам Васіль Быкаў, які пісаў праўду пра вайну, пайшоў з жыцця як раз у той жа самы дзень, калі і пачалася вайна — 22 чэрвеня 2003 года.
Юбілеі, якія яднаюць з суседзямі
У гістарычным календары ёсць падзеі з далёкага мінулага, якія сёння могуць быць цудоўнай нагодай для сумеснага адзначэння дзяржаў-нашчадкаў спадчыны Рэчы Паспалітай: Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.400 год таму, 9 кастрычніка 1621 года быў заключаны Хоцінскі мір. Ён завяршыў маштабную баталію паміж войскам Рэчы Паспалітай і Атаманскай імперыі. Войска Рэчы Паспалітай — палякі, літвіны, украінскія казакі пад камандай славутага гетмана Яна Хадкевіча недалёка ад Хоціна над Днястром спынілі турэцкую экспансію ў Еўропу.
230 год таму, 3 мая 1791 года была прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя 3 мая стала вынікам дзейнасці Вялікага сойму. Гэта першая дэмакратычная Канстытуцыя ў Еўропе і другая (пасля Канстытуцыі ЗША) у свеце. У дакуменце знайшла адлюстраванне не толькі ідэя суверэнітэту народа, але і прынцыпы вяршэнства закона, падзелу ўлад, а таксама новыя прынцыпы і стадыі заканатворчасці. Канстытуцыя — крок да выратавання дзяржавы, якая трапіла ў кіпцюры суседніх «чорных арлоў». У юрыдычным аспекце гэта значны крок, але ён ужо дзяржаву не выратаваў.
Угодкі гэтых падзей шырока адзначаліся ў грамадстве Літвы і Польшчы, годна згадваліся ва Украіне. Беларусь таксама не павінна заставацца ўбаку, бо мы ў роўнай ступені маем права на спадчыну Рэчы Паспалітай.
«Vivat, брацці філарэты!» і Эмілія Плятэр
2021 год быў юбілейным годам для вядомых гістарычных асоб, якія ў XIX стагоддзі бадай першымі кінулі выклік вялікай імперыі і пачалі змагацца за аднаўленне незалежнасці сваёй дзяржавы.
У 1824 годзе завяршыўся судовы працэс над філаматамі — тайным студэнцкім таварыствам у навучальных установах Віленскай вучэбнай акругі. Згодна з прысудам трое філаматаў — Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Сузін панеслі самае суровае пакаранне: высылка на Урал і тэрмін у турэмнай крэпасці. У дваіх з гаротнікаў сёлета быў юбілей: Яну Чачоту і Тамашу Зану — 245 гадоў. А гэта добрая нагода згадаць таварыства аматараў навукі, іх каштоўнасці і ідэалы, а таксама зверыць гадзіннік: ці далёка мы адышліся ад тых часоў?
Юбілейным гэты год быў і для Эміліі Плятэр, якая нарадзілася 215 гадоў таму, 13 лістапада 1806 года. Зямное жыццё самай знакамітай паўстанкі было досыць кароткім — усяго 25 год. За гэты час яна не толькі праславілася вайсковай мужнасцю, але і дала мноству людзей імпульс сапраўднага патрыятызму. Яе імя стала легендарным.
Пра герояў той эпохі згадваюць у нас досыць рэдка, яны незаслужана трапілі ў штучны цень гістарычнай памяці. Але ўшанаваць іх годна — годная была б справа.
Літаратурныя даты
Літаратура і кнігі — неад’емная частка кожнай развітай культуры і жывой мовы. Каляндар 2021-га штомесяц быў адзначаны памятнымі датамі, звязанымі з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі.
Пачаўся 2021 год са 100-гадовых юбілеяў двух Народных пісьменнікаў Беларусі. 30 студзеня нарадзіўся аўтар знакамітых раманаў «Сэрца на далоні» і «Атланты і карыятыды» Іван Шамякін, а 8 лютага аўтар жыццёвай і драматычнай «Палескай хронікі» Іван Мележ.
5 сакавіка адзначалася 125-годдзе самага знакамітага беларускага байкапісца Кандрата Крапівы, а 23 красавіка — 135-годдзе паэта, паплечніка Янкі Купалы па «Нашай Ніве» Змітрака Бядулі, парэшткі якога перапахавалі на радзіме мінулай восенню.
У траўні выпалі юбілейныя даты ў пісьменнікаў Алега Лойкі (1 мая, 90 год), Барыса Сачанкі (15 мая, 85 год), Васіля Віткі (16 мая, 110 год). Сёлета сваё 75-годдзе адзначалі беларускія творцы Генрых Далідовіч (1 чэрвеня) і Уладзімір Някляеў (9 ліпеня).
Прыпалі юбілейныя даты і на першапраходцаў беларускай літаратуры, стваральнікаў літаратурнай мовы: 6 ліпеня 1851 года нарадзіўся паэт Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), а 145 гадоў таму, 15 ліпеня, нарадзілася Алаіза Пашкевіч, больш вядомая як Цётка.
28 жніўня адзначыў бы свой 85-гадовы юбілей аўтар знакамітай «Калыханкі» паэт Генадзь Бураўкін, а 30 верасня — 90-годдзе Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў
У лістападзе былі даты, прысвечаныя памяці паэтаў, чый лёс трагічна абарваўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года: 7 лістапада 125-годдзе Міхася Чарота, 20 лістапада 120-годдзе Міхася Зарэцкага.
Завяршыў год дзень нараджэння вечна маладога класіка, аўтара неўміручай «Пагоні» і соцень кранальных лірычных радкоў: 9 снежня Максіму Багдановічу было 130.